Реферат: Нетрадыцыйныя рэлiгii

Нетрадыцыйныя рэлiгii


Змест

1. Вызначэнне і класіфікацыя нетрадыцыйных рэлігій

2. Нетрадыцыйныя рэлігійныя арганізацыі на Беларусі

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Вызначэнне і класіфікацыя нетрадыцыйных рэлігій

Сучасная рэлігійная сітуацыя ў свеце характарызуецца наяўнасцю шматлікіх рознанакіраваных працэсаў. Мяняецпа роля рэлігіі ў грамадстве, яна набывае новае аблічча. Многія даследчыкі лічаць, што ў XX стагоддзі пачаўся новы этап у развіцці рэлігій, які характарызуецца паслабленнем у Еўропе і Амерыцы ўплыву і аўтарытэту традыцыйных рэлігій і з'яўленнем значнай колькасці новых рэлігійных рухаў і арганізацый, якія часта называюць нетрадыцыйнымі рэлігіямі.

Трэба адзначыць, што самі прыхільнікі гэтых рзлігійных накірункаў не лічаць іх нетрадыцыйнымі і, як правіла, прэтэндуюць на прыналежнасць да традыцыі, якая можа, па іх словах, налічваць некалькі тысячагоддзяў. Нетрадцыйнасць гэтых рэлігій праяўляецца не ў тым, што яны ўзніклі параўнальна нядаўна, а ў тым, што прэтэндуюць на «новае слова'' альбо „пераадоленне“ існуючай рэлігійнай традыцыі, іх палажэнні з'яўляюцца для нас нязвыклымі, не, маюць каранёў у еўрапейскай культуры і, як правіла, запазычаны з Усходу.

Такім чынам, пад нетрадыцыйнымі рэлігіямі мы будзем разумець рэлігійныя накірункі, якія ўзніклі ў Паўночнай Амерыцы ці Еўропе пераважна ў другой палове XX стагоддзя, альбо былі сюды прынесены, і асноўныя палажэнні якіх прама супярэчаць традыцыйнаму для гэтых рэгіёнаў хрысціянству.

Называюць наступныя прычыны ўзнікнення і распаўсюджвання нетрадыцыйных рэлігій:

1.Пераломны характар еўрапейскай культуры XX ст. Старыя каштоўнасці, якімі раней карысталіся еўрапейцы, шмат у чым страцілі сваё жыццёвае значэнне. Гэта праявілася ў многіх галінах культуры. Напрыклад, мы гаворым аб некласічным мастацтве, некласічнай навуцы, некласічнай філасофіі. Па аналогіі пралагандысты нетрадыцыйных рэлігій таксама падкрэсліваюць сваю сучаснасць і прагрэсіўнасць, сцвярджаюць, што іх рух — гэта новы этап у рэлігійным развіцці чалавецтва. Асабліва часта яны абвяшчаюць аб сваёй сувязі з сучаснай навукай і выкарыстоўваюць яе дасягненні. Веравучэнні большасці нетрадыцыйных рэлігій уяўляюць сабой даволі прыцягальныя для недасведчанага чалавека светапоглядныя сістэмы, у якіх рэлігійныя палажэнні спалучаюцца з псеўданавуковымі ўяўленнямі аб свеце, грамадстве і чалавеку.

2. Рэзкі рост сацыяльных праблем абумоўлены зменамі ў грамадскім жыцці і паскарэннем тэмпаў ягонага развіцця. Нетрадыцыйныя рэлігіі прэтэндуюць на вырашэнне гэтых праблем. Для іх характэрна актаўная місіянерская дзейнасць. Калі да іх прыходзіць новы чалавек, да яго ставяцца з падкрэсленай увагай і любоўю. Гэта дае адчуванне абароненасці і душэўнага камфорту.

3.Узмацненне канфлікту паміж рознымі пакаленнямі. Частка сучаснай моладзі на Захадзе нязгодна з рэлігійнымі поглядамі сваіх бацькоў і шукае чагосьці іншага. Як правіла, нетрадыцыйныя рэлігіі арыентаваны на „светапоглядна незадаволеных“ маладых людзей. Гэта ў першую чаргу маладзёжныя рэлігіі. У ЗША асноўную колькасць іх прыхільнікаў складаюць юнакі і дзяўчаты ад 18 да 24 гадоў з адносна забяспечаных сем'яў, якія маюць добрую адукацыю і не сустракаліся з сур'ёзнымі матерыяльнымі цяжкасцямі.

4.Экзатычны характар новых рэлігій. Як правіла, яны грунтуюцца на нязвыклых для прадстаўнікоў еўрапейскай культуры прынцыпах і ўяўляюцца нечым новым і незвычайным. Вельмі часта далучэнне да нетрадыцыйных рэлігій з'яўляецца вынікам імкнення чалавека змяніць свае звыклае асяроддзе.

5.Страта даверу да традыцыйных рэлігій. Абумоўлена гэта перш за ўсё няўменнем апошніх працаваць у сучасных умовах.

Вылучаюцца наступныя тыпы нетрадыцыйных рэлігій:

1.Псеўдарэлігійныя аб'яднанні (тэасофія, вучэнне Агні Ёгі, Царква сайенталогіі, Новы век ( New Age) і г.д.) — групы па пошуку новай духоўнасці. Псеўдарэлігійнымі называюцца таму, што асноўны націск робяць не на веру, а інтэлект, пры дапамозе якога імкнуцца дасягнуць нейкіх звышнатуральных ведаў.

Культу ў гэтых арганізацыях надаецца вельмі мала значэння. Для поглядаў іх прыхільнікаў характэрны надзвычайны эклектызм.

2.Неаарыенталісцкія абшчыны і рухі (Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны, дзэн-будызм, Трансцэндэнтальная Медытацыя і інш.). Веравучэнне і культавая практыка гэтых арганіэацый грунтуецца на палажэннях, запазычаных з усходніх рэлігій, як правіла, будызму і індуізму. Супрацьпастаўляюць „інтэлектуальнай“ і „тэхнагеннай“ культуры Захаду, развіццё якой прывяло да войнаў, экалагічнай катастрофы, разбурэння духоўнасці, „арганічную“ культуру Усходу, накіраваную на устанаўленне гармоніі чалавека з Сусветам.

3. Неахрысціянскія культы (Вялікае Белае Брацтва, Царква Апошняга Запавету, Царква Аб'яднання і інш.). Гэтыя арганізацыі прэтэндуюць на развіццё хрысціянства на падставе „новай духоўнасці''. Як правіла, імкнуцца дапоўніць хрысціянскае веравучэнне палажэннямі ўсходніх рэлігій. Для прыхільнікаў неахрысціянскіх культаў характэрна ўжыванне псеўданавуковай тэрміналогіі, чаканне блізкага канца свету, вера ў Месію. У якасці апошняга яны разглядаюць свайго кіраўніка. Ён абвяшчаецца пасланнікам Бога альбо самім Богам, які прынёс людзям новае адкрыццё і вышэйшую духоўнасць.

Як правіла, неахрысціянскія культы вельмі небяспечны для грамадства. Чалавек, паверыўшы ў ''жывога Бога“ перакрэслівае сваё папярэдняе жыццё, адмаўляецца ад родных, кідае працу альбо вучобу і прысвячае сябе служэнню культу. Вельмі часта неахрысціянскія арганізацыі ўступаюць у канфлікт з законам і іх лідэры прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці.

4.Сатанізм лічыцца нетрадыцыйным рэлігійным накірункам, бо свядома супрацьпастаўляе сябе існуючай рэлігійнай і культурнай традыцыі. Сатаністы адкрыта абвяшчаюць, што яны з'яўляюцца носьбітамі зла і адмаўляюць агульнапрынятыя маральныя нормы.

Сярод нетрадыцыйных рэлігій у якасці асобнай групы вылучаюць дэструктыўныя культы. Гэта такія рэлігійныя арганізацыі, якія грунтуюць сваю дзейнасць на змене свядомасці сваіх прыхільнікаў з мэтай іх поўнага падпарадкавання. У дэструктыўных культах шырока ўжываюцца метады ўнушэння і самаўнушэння: шматразовае паўтарэнне адных і тых жа палажэнняў, устрыманне ад ежы, музыка, танцы, ў асобных выпадках — псіхатропныя і наркатычныя рэчывы. Гэта прыводзіць да трансфармацыі свядомасці чалавека, страты здольнасці крытычна мысліць, канфліктаў з блізкімі людзьмі. Дзейнасць дэструктыўных культаў звязана з парушэннем асноўных правоў чалавека.

Зараз у нашай краіне прызнаны дэструктыўнымі наступныя рэлігійныя арганізацыі:

1.Вялікае Белае Брацтва (ЮСМАЛОС).

2.Багародзічны цэнтр (Марыянскі рух Царквы Белай святой Русі).

3.Царква вучняў Ісуса Хрыста.

4.Сям'я Любві (Дзеці Бога).

5.Царква Аб'яднання (Асацыяцыя Святога Духа за аб'яднанне сусветнага хрысціянства).

6.Царква Апошняга Запавету (Царква Адзінай Веры).

7.Аум Сінрыкё.

8.Ахмадзійцы.

9.Сатаніты.

І0.Ліга духоўнага адраджэння Санатана Дхарма.

11.Царква сайенталогіі.

І2.Таварыства адзінства духоўных культур „Адраджэнне“.

13.Таварыства адраджэння культуры старажытных славян „Славянін“.

14.Маладзёжны цэнтр славянскай культуры „Рус“.


2. Нетрадыцыйныя рэлігійныя арганізацыі на Беларусі

Мы разгледзім толькі некаторыя нетрадыцыйныя рэлігійныя арганізацыі і рухі, якія зараз існуюць на Беларусі.

Новы Век (New Age) з'яўляецца зараз адным з найбольш папулярных псеўдарэлігійных рухаў у краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Акрэсліць ягоную сутнасць вельмі цяжка, бо Новы Век складаецца з вялікай колькасці разнастайных арганізацый і накірункаў. Аб'ядноўваюць іх пошукі „новай духоўнасці“.

Заснавальнік Новага Веку невядомы. Сама назва гэтага руху з'явілася ў 70-я гг. у ЗША. Яго прыхільнікі лічаць, што наш час з'яўляецца пераломным у гісторыі чалавецтва. У выніку змен становішча Зямлі адносна зорак адбываецца пераход ад веку Рыб да веку Вадалея. Новы Век павінен надысці да 2062 г. Адбудуцца істотныя змены ў культуры: калі ўплыў сузор'я Рыб абумовіў антрапацэнтрычны, аналітычны, рацыянальны, патрыярхальны і еўропацэнтрычны характар сусветнай культуры, дык пад уплывам сузор'я Вадалея культура зробіцца космацэчтрычнай, сінтэтычнай, містычнай, феміністычнай і поліцэнтрычнай.

Адбудуцца таксам змены ў рэлігійнай сферы. Кожная са старых рэлігій веку Рыб (індуізм, будызм, хрысціянства, іслам і інш.) валодала толькі часткай ісціны. Яны выканалі сваё прызначэнне, і на змену ім у век Вадалея прыходзіць сінтэтычная духоўнасць, якая ўвасабляецца ў руху Новага Веку.

Для поглядаў яго прыхільнікаў характэрны наступныя рысы:

1.Акультызм. Лічаць, што развіццё чалавецтва адбываецца дзякуючы Духоўным Настаўнікам, якія валодаюць патаемнымі ведамі і складаюць Вялікае Белае Брацтва. Духоўнымі Настаўнікамі лічацца заснавальнікі рэлігій: Буда, Хрыстос, Маісей, Заратустра, Мухамед і інш.

2.Вера ў астралогію. Лічаць, што развіццё культуру чалавецтва залежыць ад становішча Зямлі адносна зорак. Уплыў кожнага сузор'я абумоўлівае спецыфічны тып культуры.

3.Пантэізм. Звышнатуральныя якасці прыпісваюцца як Сусвету ў цэлым, так і асобным яго часткам: Сонцу, вадзе, раслінам, камяням і г.д. Лічыцца, што ўсе яны насычаны духоўнасцю і аказваюць уплыў на чалавека.

4.Вера ў рэінкарнацыю. Лічаць, што чалавек перараджаецца, каб з кожным разам дасягнуць большай ступені духоўнасці.

5.Сінкрэтызм. Погляды прыхільнікаў Новага Веку ўяўляюць сабой мешаніну з палажэнняў многіх рэлігій. Да хрысціянства прыхільнікі Новага Веку ставяцца з падкрэсленай павагай, але лічаць, што яно не адпавядае сучасным умовам і патрабуе мадэрнізацыі.

Да руху Новага Веку на Беларусі належаць, як правіла, маладыя людзі, якія шукаюць „нечага духоўнага“ ў жыцці. Яны ўтвараюць невялікія групы сяброў, сустракаюцца, ходзяць у паходы, слухаюць музыку, абмяркоўваюць „духоўную“ літаратуру.

Найбольш вялікай з сучасных неаарыенталісцкіх рэлігійных арганізацый з'яўляецца Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны. Яно налічвае прыкладна 700 тыс. прыхільнікаў. Цэнтр гэтай арганізацых знаходзіцца ў г.Маяпур (Індыя), але распаўсюджана яна пераважна ў краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Па свайму характару крышнаізм з'яўляецца неаіндуісцкім кірункам.

Узнікла Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны ў 1966 г. у ЗША. Яго заснавальнікам з'яўляецца індыйскі прапаведнік Абхай Шыран Дэ (1896 — 1977), больш вядомы пад сваім рытуальным імем Бхакціведанта Свамі Прабхупада. Нарадзіўся ён у Калькуце (Індыя), скончыў тут універсітэт, займаўся бізнэсам. У 1950 г. пакінуў жонку і пяцярых дзяцей і зрабіўся манахам. У верасні 1965 г. ён прыязджае ў Нью-Йорк і пачынае прапаведаваць новае вучэнне, а праз год засноўвае Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны.

Крушнаіты сцвярджаюць, што іх веравучэнне мае доўгую традыцыю, заснавальнікам якой з'яўляецца сам бог Крышна. Свяшчэнныя веды перадаваліся ад настаўнікаў іх вучням і, нарэшце, дайшлі да Свамі Прабхупады, які выклаў іх на зразумелай для людзей XX ст. мове ў сваей кнізе „Бхагават-Гіта як яна ёсць“.

Імя „Крышна“ перакладаецца як „Чорны“, „Цёмны“, „Цёмна-сіні“, хаця самі крышнаіты перакладаюць яго як „Усёпрыцягваючы''. У традыцыйным індуізме Крышна лічыцца адной з дзесяці праяў (аватар) бога Вішну, але крышнаіты сцвярджаюць, што, наадварот, гэта Вішну — аватара Крышны, як, дарэчы, і ўсе астатнія багі.

Асноўная якасць Крышны, якая падкрэсліваецца крышнаітамі, — гэта яго шчодралюбства… Сцвярджаецца, што ён меў 16.000 жонак, прычым кожную ноч быў адначасова з кожнай з іх. Схільнасць жанчын да Крышны тлумачыцца сімвалічна, як накіраванасць чалавечых душ да зліцця з Богам. Асноўны націск у крышнаізме робіцца на любоўным служэнні чалавека Крышне. Мэтай культавай дзейнасці лічыцца зліццё са свядомасцю Крышны.

Згодна з веравучэннем крышнаізму, асновай чалавека з'яўляецца душа. Яна жыве вечна, цела — толькі яе абалонка, і душа можа мяняць гэтую абалонку. Крышнаіты прызнаюць рэінкарнацыю: у адпаведнасці з добрай альбо дрэннай кармай душа пасля смерці пасяляецца ў чалавеку, жывёле альбо расліне. Такія перараджэнні могуць адбывацца бясконца, але чалавек здольны разарваць гэты ланцуг, шляхам асэнсавання сваёй духоўнай сутнасці і далучэння да адзінства з Крышнай.

Асноўным шляхам да гэтага з'яўляецца медытацыя. Лічыцца, што ў працэсе яе чалавек цалкам выключаецца з гэтага свету і канцэнтруецца на любві да Бога. Стан выключанасці дасягаецца праз спяванне мантры “Харэ Крышна, Харэ Крышна; Крышна, Крышна, Харэ Харэ; Харэ Рама, Харэ Рама; Рама Рама, Харэ Харэ». Тут «Харэ» — звяртанне да вышэйшай энергіі, «Крышна» і «Рама» — імёны Бога.

Крышнаіт абавязаны паўтараць гэтую форму 1728 разоў у дзень, а каб не збіцца з падліку, выкарыстоўваюцца пацеркі.

Вялікае значэнне ў крышнаізме надаецца самаабмежаванню чалавекам сваіх матэрыяльных патрэб. Забаронена есці мяса, рыбу, яйкі, насіць адзенне са скуры і шэрсці, бо ўсё гэта звязана з забойствам жывёл. Крышнаіты прапагандуюць вегетарыянскую ежу, адкрываюць вегетарыянскія сталовыя і кафэ. Забараняецца ўжыванне адурманьваючых і ўзбуджаючых рэчываў, у тым ліку тытуню, кавы, чаю. Асуджаюцца неўпарадкаваныя палавыя адносіны. Супругам дазваляецца ўступаць у палавую сувязь толькі тады, калі гэта можа прывесці да зачацця дзяцей. Разводы забаронены. Мужчыны-крышнаіты голяць галаву, пакідаючы толькі касічку, за якую Крышна «прыцягне іх да сябе». У час сваіх рытуалаў крышнаіты апранаюць традыцыйнае індыйскае адзенне, звычайна аранжавага колеру.

Лічыцца, што лепшым месцам для выканання ўсіх патрабаванняў крышнаізму з'яўляецца рэлігійная камуна (ашрам). Як правіла, у нашых умовах гэта кватэра, дзе пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка (гуру) вывучаецца «Бхагават-Гіта» і адпраўляецца культ. У асноўным ашрамы складаюцца з маладых людзей, прыкладна ад 18 да 30 гадоў.

Любая дзейнасць успрымаецца ў крышнаізме як служэнне Крышне: прыбіранне ашрама, гатаванне культавай ежы, дабрачыннасць. Вялікая ўвага надаецца місіянерскай дзейнасці: перакладу, выданню і продажу рэлігійнай літаратуры, прапагандзе веравучэння.

Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны з'яўляецца багатай рэлігійнай арганізацыяй. Прыкладна 70% свайго даходу яно атрымлівае ад продажу рэлігійнай літаратуры, у асноўным — твораў Свамі Прабхупады. Таварыству належаць фабркі па вытворчасці касметычных і духмяных рэчываў, крамы і рэстараны дыетычнай ежы, сельскагаспадарчыя фермы. Выдаюцца часопісы «На шляху да Бога», «Свет Чайтаны», «Харэ Крышна» і інш.

Пасля смерці Свамі Прабхупады Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны ўзначальвае адміністратыўны савет з 11 яго паслядоўнікаў. Увесь свет падзелены на 11 рэгіёнаў, за кожным з якіх замацаваны гуру.

На тэрыторыі былога СССР рух крышнаітаў з'явіўся пасля таго, як у 1971 г. краіну наведаў Свамі Прабхупада і пасвяціў у крышнаіты некалькі чалавек. У 80-я гады супраць крышнаітаў у СССР былі ўзбуджаны крымінальныя справы па абвінавачванню ў «стварэнні і кіраўніцтве не зарэгістраванмі ў дзяржаўных органах з-за іх рэакцыйнай сутнасці рэлігійнымі групамі». У далейшым прыгаворы ў адносінах крышнаітаў былі адменены. Зараз суполкі крышнаітаў дзейнічаюць амаль у ста гарадах былога СССР. У Беларусі на 1 студзеня 1999 г. існавала 7 зарэгістраваных суполак крышнаітаў.

Самым вядомым неахрысціянскім накірункам у нашай краіне з'яўляецца Вялікае Белае Брацтва ЮСМАЛОС. Яно было заснавана ў Кіеве Юрыем Крывакогавым і Марыяй Цвігун 1 чэрвеня 1990 г. Да гэтага Ю.Крываногаў з'яўляўся супрацоўнікам Інстытута кібернетыкі, меў навуковую ступень кандыдата тэхнічных навук. Цікавіўся праблемамі псіхаэнергетыкі, быў блізкі да крышнаітаў, выступаў з лекцыямі па лініі таварыства «Веды». У 1990 г. заснаваў і ўзначаліў Міжнародны Інстытут душы «Атма». Інстытут выдаваў творы Крываногава на ёге, біяэнергетыцы, перасяленні душ, выпускаў газету «Атма». Марыя Цвігун да пачатку сваёй рэлігійнай дзейнасці змяніла некалькі прафесій: папрацавала інструктарам райкама камсамола, вартаўніком, афіцыянткай, журналісткай. Яна была замужам і мела сына.

Безумоўна, што ідэолагам новага вучэння з'яўляўся Ю.Крываногаў, але асноўная роля ў ім адводзілася М.Цвігун. Яна была абвешчана адначасова Дзевай Марыяй і Ісусам Хрыстом і стала называцца Маці Міра Гасподзь Марыя Дэві Хрыстос. Крываногаў жа стаў «толькі» Адамам, Янам Хрысціцелем, Зямным Айцом, прарокам Іллёй, архангелам Міхаілам і атрымаў тытул Юоана Свамі. «Адбыліся» ўсе гэтыя падзеі наступным чынам. У Данецку («Віфліеме'') 11 красавіка 1990 г., калі Марыі Цвігун споўнілася 30 год і „адчыніліся ўсе яе жыццёва важныя цэнтры“, яна памерла, яе душа была ўзята на неба, там аб'ядналася ў адзіную сутнасць з Дзевай Марыяй і Ісусам Хрыстом і праз 3,5 гадзіны адбылася поўная „эксплантацыя“ Бога на зямлю ў вобразе Марыі Дэві Хрыстос. Некалькі гадзін пасля гэтага яе цела было светлавым і „выпраменьвала вібрацыю больш, чым у 100 рэнтген“, пасля чаго ўплатнілася ў выглядзе першапачатковага фізічнага цела. Адначасова была ўключана праграма ЮСМАЛОС ( ЮС — Юоан Свамі, МА — Марыя Дэві, ЛОС — планетарны Логас Ісус Хрыстос), накіраваная на выратаванне Сусвету шляхам насычэння яго фохатам (святлом). Фохат ідзе ад Марыі Дэві Хрыстос,. якая ўвасабляе ў сабе мужчынскі і жаночы пачатак. Праграма павінна была дзейнічаць 3,5 гады. За гэты час прадугледжвалася стварыць на Зямлі Вялікае Белае Брацтва ЮСМАЛОС. Завершыцца праграма стварэннем зямной царквы са 144 тысячамі насычаных фохатам праведнікаў. Пасля гэтага час прышэсця Марыі Дэві Хрыстос скончыцца і яе фізічнае цела 21 лістапада 1993 г. будзе забіта. Але праз 3,5 дні яна ўваскрэсне. На 24 лістапада 1993 г. быў прызначаны Апошні Суд, пасля якога застануцца 144 святых, яны разам з Марыяй Дэві Хрыстос і Юоанам Свамі трапяць на неба, яшчэ 600 мільёнаў юсмаліян заселяць ачышчаную і пераўтвораную зямлю. Астатнія пойдуць у пекла.

Ю. Крываногаў і М. Цвігун пачалі актыўна прапаведваць сваё вучэнне, заяўляючы, што яны прыйшлі на зямлю, каб выратаваць яе ад грахоў, бо з-за іх мноства стан планеты зрабіўся крытычным, „асабліва ў зоне славянскага рэгіёна — Русі“. Як гэта ні дзіўна, у іх з'явіліся прыхільнікі, колькасць якіх па розных ацэнках складала ад 15 да 20 тысяч. Было выдадзена да 100 тысяч улётак са здымкамі „Марыі Дэві Хрыстос“ і „Юоана Свамі“, выдавалася газета „Юсмалос“, прыхільнікі Белага Брацтва прапаведвалі на вуліцах і нават выступалі па тэлебачанні. Яны казалі аб канцы свету, прыходзе Хрыста, ''Апошнім судзе''.

У пачатку лістапада 1993 г. юсмаліане сталі з'язджацца ў Кіеў і рыхтавацца да „Апошняга суда“. 24 лістапада былі справакаваны масавыя хваляванні, у ходзе якіх пашкоджаны фрэскі і іканастас Сафійскага сабора, захопленага юсмаліянамі. Міліцыяй было затрымана звыш 800 чалавек.

Следства па справе Белага Брацтва цягнулася амаль два з паловай гады. 9 лютага 1996 г. Кіеўскі гарадскі суд прыгаварыў Марыю Цвігун да 4-х год турэмнага зняволення ў калоніі агульнага рэжыму (адпушчана ў канцы 1998 г. па амністыі), Ю.Крываногава да 7 год зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

За час следства ў Белым Брацтве адбыўся раскол. Усю віну за падзеі лістапада 1996 года М.Цвігун усклала на Ю.Крываногава. Ён быў абвешчаны здраднікам, Каінам, Іудай, Люцыферам. Як высветўлілася, ён насаджаў у Белым Брацтве прынцыпы крышнаіцтва, у прыватнасці ежавыя забароны, а таксама аказваў на Цвігун псіхічны і фізічны ціск. У выніку, нават імя Юоана Свамі было старанна выкрэслена з усёй літаратуры Белага Брацтва.

Знаходзячыся пад следствам, М.Цвігун выпусціла зборнік вершаў і пасланняў да сваіх прыхільнікаў пад назвай „У закланні“. Адным з яго палажэнняў з'яўляецца тое, што праграма фохацізацыі не скончана, яна толькі запаволілася з-за здрадніцтва Крываногава, і трэба далей прапаведаваць ідэі Белага Брацтва, асабліва ў славянскім рэгіёне: Украіне, Расіі і Беларусі. Алнак адмовіліся ад вызначэння канкрэтнай даты Апошняга суда. Колькасць прыхільнікаў Белага Брацтва на Беларусі зараз невядома, але яна вельмі невялікая і паступова памяншаецца. Існуюць юсмаліане ў падполлі, перыядычна прапаведуюць на вуліцах і ў падземных пераходах.

Царква Апошняга Запавету (Царква Адзінай Веры) была заснавана ў маі 1990 г. былым супрацоўнікам міліцыі Сяргеем Торапам (нар. 14 студзеня 1961 г.) у г.Мінусінску Краснаярскага краю. Адбылося гэта на базе мясцовай арганізацыі ўфолагаў — гуртка інтэлігенцыі, якія цікавіліся неапазнанымі лятаючымі аб'ектамі, пазазямнымі цывілізацыямі, усходнімі рэлігіямі. У час аднаго з кантактаў з ''пазазямным розумам» ім было абвешчана, што С. Торап з'яўляецца новым Месіяй, сынам Божым, правадніком Духа Святога Вялікай Мудрасці Творцы — Вісарыёнам, што значыць «тым, хто дае жыццё». Спачатку ён знаходзіўся ў рангу апостала Хрыста, потым быў названы самім Хрыстом. У сувязі з тым, што вісарыёнаўцы лічаць Хрыста не богам, а толькі незямным чалавекам, таму і Вісарыён для іх — дасканалы чалавек.

Яму прыпісваюцца звышнатуральныя якасці, напрыклад, сцвярджаецца, што гэта ягоны другі прыход, а першы раз ён прыходзіў у пачатку нашай эры ў выглядзе Ісуса Хрыста.

У 1998 — 1995 гг. С. Торап займаўся актыўнай місіянерскай дзейнасцю. Ён наведаў амаль усе буйныя гарады СНД, пабываў за мяжой. Поспеху ягоных пропаведзяў шмат у чым спрыяла тое, што ён усім сваім знешнім выглядам і паводзінамі імкнуўся імітаваць Хрыста. У гарадах СНД ён збіраў даволі вялікія аўдыторыі і пакідаў пасля пропаведзяў суполкі сваіх прыхільнікаў. У канцы красавіка 1994 г. С. Торап наведаў тыя месцы, дзе зарадзілася хрысціянства: Іерусалім, Віфліем, Назарэт. Але тут пропаведзь «новага Хрыста» не сустрэла падтрымкі, яго нават пабілі. У адказ ён абвясціў аб пераносе Святой зямлі з Ізраіля ў Сібір, пад Мінусінск.

Веравучэнне Царквы Апошняга Запавету ўяўляе сабой спалучэнне палажэнняў хрысціянства, усходніх рэлігій і ўфалогіі. Выкладзена яно ў выдадзенай у 1993 г. кнізе «Слова Вісарыёна, які яўляе Апошні запавет ад паслаўшага Яго Айца Нябеснага». Сцвярджаецца, што існуе мноства светаў і ўсе яны значна старэйшыя за наш. Кожны з гэтых светаў мае свайго звышнатуральнага апякуна. Стварыў усё Творца Свету, гэта нейкі рацыянальны першапрынцып, ён не добры і не злы. Апякуном нашага свету з'яўляецца Айцец Нябесны. Ён поўны міласэрнасці да людзей і таму мы развіваемся па-іншаму, чым другія міры: яны — па закону розуму, мы — па закону любві. Таксама Люцыфер і Дух зла (Д'ябал) з'яўляюцца рознымі істотамі. Люцыфер — гэта адна са звышнатуральных істот. Ён адпаў ад парадку, устаноўленага Творцам Свету, і стварыў свой свет, які развіваецца па іншых прынцыпах. Д'ябал жа матэрыялізаваўся з розных чалавечых жахаў і зараз падпітваецца за кошт брудных пачуццяў людзей. Ён існуе толькі на Зямлі, у іншых светах падобных істот няма.

Пекла і рай — гэта асобныя месцы ў іншых вымярэннях. Прызнаеццанаецца закон кармы: чалавек пасля смерці перараджаецца да таго часу, пакуль не дасягне вышэйшага духоўнага ўзроўню і трапіць у рай. Зараз у раі збіраюцца людзі, якія пасля паражэння Д'ябла, вярнуцца на Зямлю і складуць аснову будучага чалавецтва. Д'ябал знікне сам, калі ў людзей не будзе брудных пачуццяў. У пекла трапляюць тыя людзі, якія канчаткова растрацілі свае духоўныя сілы і няма сэнсу даваць ім новую плоць. Пасля перамогі над Д'яблам яны будуць цалкам вычышчаны і атрымаюць новае прызначэнне.

Раней, калі існавала раз'яднанасць паміж людзьмі, Айцец Нябесны не мог даць усю ісціну аднаму народу. Таму ён падзяліў яе на часткі і даў людзям у выглядзе чатырох асноўных рэлігій: даосізму, будызму, хрысціянства і ісламу. Зараз жа, калі надыйшлі апошнія часы і «Царства сілы'', альбо эпоха Старога і Новага Запаветаў, змяняецца „Царствам Любві“, эпохай Апошняга Запавету, была дадзена ўся ісціна, і ўвасабленнем яе з'яўляецца Вісарыён. Шлях выратавання адкрыўся для ўсіх, не бачыць яго можа толькі сляпы, таму кожнаму дадзена магчымасць альбо прыняць ісціну і выратавацца, альбо адмовіцца ад яе і загінуць.

Вельмі вялікае значэнне надаецца веравучэнню аб Маці-Зямлі. Сцвярджаецца, што яна жывая, валодае духоўнымі якасцямі, пакутуе ад чалавечых грахоў і больш ужо не можа іх выносіць. Таму тыя, хто не хоча загінуць, павінны адмовіцца ад любой агрэсіі, і ўвайсці ў гармонію з Сусветам.

У другой палове 1994 года вісарыёнаўцамі, сярод якіх пераважае інтэлігенцыя, было створана пад Мінусінскам у раёне возера Ціберкуль экалагічнае паселішча „Экаполіс Ціберкуль“. Уладамі Краснаярскага краю было выдзелена для гэтай мэты ў арэнду царкве Апошняга Запавету 250 гектараў зямлі. Зараз там жыве прыкладна 2 тысячы чалавек. У асноўным гэта людзі з вышэйшай адукацыяй з розных гарадоў былога СССР, якія разарвалі звычныя сувязі, прадалі маёмасць і прыехалі пад Мінусінск будаваць Новы Іерусалім. Жыццё там вельмі простае, вісарыёнаўцы займаюцца будаўніцтвам храма, у якім рыхтуюцца сустрэць канец свету, жыллё для сябе, народнымі промысламі, агародніцтвам, пчалаводствам, збіраннем грыбоў, ягад і арэхаў. Харчуюцца яны ў асноўным расліннай ежай. У адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі членам суполкі Апошняга Запавету нельга ўжываць алкаголь, тытунь, есці мяса, рыбу, яйкі, цукар, каву, чай і некаторыя іншыя прадукты. Тэлевізараў і радыё ў іх няма. У Мінусінску выдаецца газета вісарыёнаўцаў „Зямля абяцаная“ (»Земля обетованая"), тыражом 4 тыс. асобнікаў, якая потым распаўсюджваецца ў іншыя месцы.

Адміністрацыяй Краснаярскага краю некалькі разоў ствараліся камісіі для праверкі дзейнасці вісарыёкаўскай суполкі. У ходзе праверак не былі выяўлены ніякія парушэнні правоў чалавека.

У 1992 — 1996 гг. Вісарыён некалькі разоў прыязджаў на Беларусь і прапаведаваў у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Гродна, Мазыры, Мінску. Зараз суполкі Царквы Апошняга Запавету ёсць практычна ва ўсіх буйных гарадах нашай краіны. Сваю дзейнасць яны не афішыруюць, таму дакладная колькасць іх невядома. Збіраюцца ў асноўным па нядзелях на прыватных кватэрах, чытаюць і абмяркоўваюць «Слова Вісарыёна» і матэрыялы «Зямлі абяцанай». Асноўным элементам іх культавай дзейнасці з'яўляецца так званае «Свяшчэннае кола». Яны, ўзяўшыся за рукі, утвараюць кола і пагружаюцца ў стан медытацыі. Потым узнімаюць рукі ўверх і просяць Айца Нябеснага, каб ён ачысціў зямлю. Некаторыя прадаюць сваю маёмасць і з'язджаюць пад Мінусінск у Экаполіс Ціберкуль.

Царква Аб'яднання (Асацыяцыя Святога Духа за аб'яднанне сусветнага хрысціянства) была заснавана 1 мая 1954 года ў Паўднёвай Карэі прапаведнікам Сэн Мён Мунам. З 1972 г. цэнтр арганізацыі знаходзіцца ў ЗША. Зараз налічваецца прыкладна 1,5 — 2 мільёны яе прыхільнікаў больш чым у 160 краінах свету. З 1997 года як царква афіцыйна ліквідавана, існуе ў выглядзе асацыяцыі шматлікіх арганізацый, створаных Мунам і прызначаных для распаўсюджвання ягоных поглядаў. Вось назвы некаторых з іх: «Праект адзінства», «Міжнародны фонд Дапамогі і Адзінства», «Міжнародны Фонд Культуры», «Міжнародны Фонд Адукацыі», «Міжуніверсітэцкая Асацыяцыя па Вывучэнню Прынцыпа» (САRР), «Акадэмія прафесароў за мір ва ўсім свеце».

Веравучэнне Асацыяцыі Святога Духа выкладзена ў кнізе «Боскі Прынцып», якая была напісана са слоў Муна ягонымі прыхільнікамі і выдадзена ў 1957 г. у Сеуле. У далейшым яна была перакладзена на многія мовы, у тым ліку і на рускую, і некалькі разоў перавыдавалася. Хаця ў гэтай кнізе абвешчана прэтэнзія на дасягненне вяршыні рэлігійнага і філасофскага развіцця чалавецтва, асноўныя яе ідэі даволі простыя. Існуе Адзіны Бог, Айцец усіх народаў, які абвясціў сябе ў розных рэлігіях: іудаізме, хрысціянстве, ісламе, будызме і інш. Усе яны служаць мэце набліжэння чалавека да Бога і распаўсюджанню дабра. Аднак форма іх існавання розная і вызначаецца іх місіяй, культурай, у якой яны зарадзіліся, і часам іх узнікнення. Людзі прызначаны для таго, каб жыць у Царстве Божым. Для гэтага Бог стварьгў Сапраўдных Бацькоў чалавецтва Адама і Еву і даў ім запаведзі. Аднак Ева ўступіла ў сувязь з Д'яблам і ўпала ў грэх, а потым перадала яго Адаму. Такім чынам, Адам з Евай не выканалі сваю функцыю Сапраўдных Бацькоў, і іх патомства было ўжо дзецьмі не Бога, а Сатаны. Таму зло пачало панаваць у свеце. Каб выправіць сітуацыю, Бог пасылаў людзям прарокаў: Ноя, Аўраама, Маісея і, нарэшце, свайго сына Ісуса Хрыста. Аднак ўсе ягоныя намаганні аказаліся марнымі. Гэтыя пасланцы не выканалі сваей місіі. У прыватнасці, Ісус Хрыстос змог выратаваць людзей толькі духоўна, але не стаў Сапраўдным Бацькам чалавецтва, бо быў выдадзены сваім вучнем Іудай і не паспеў стварыць сям'ю. Але ў XX стагоддзі ў Карэі нарадзіўся новы Месія Сэн Мун, якому прызначана аб'яднаць усе рэлігіі, стварыць Сапраўдную Сям'ю, выратаваць людзей як духоўна, так і цялесна і пакласці пачатак новаму чалавецтву. Прыхільнікі Муна адмаўляюць, што яны лічаць яго богам, аднак яму прыпісваюцца звышнатуральныя якасці. Ён «Пераможца універсума і Гаспадзін стварэння», «Бязмежны пераможца нябес і зямлі», «Сын Бога і пакарыцель Сатаны» і г.д.

Асноўным дасягненнем Муна ў духоўнай сферы лічыцца тое, што ён аб'яднаў усе рэлігіі ў адну, якую пабудаваў на грунце апошніх філасофскіх і навуковых дасягненняў чалавецтва. Усю гісторыю муніты падзяляюць на тры перыяды: век Старога Запавету, век Новага Запавету і век Завершанага Запавету. Першыя два перыяды знайшлі свае адлюстраванне ў Бібліі. Трэці перыяд пачаўся ў 1960 годзе і ягоным месіяй з'яўляецца Мун. Ён павінен пабудаваць Царства Божае на Зямлі. Галоўнымі перашкодамі для дасягнення гэтай высакароднай мэты Мун лічыць расізм, войны, беднасць і іншыя сацыяльныя заганы. Таму асноўнае значэнне ў Асацыяцыі Святога Духа надаецца не індывідуальнаму маральнаму самаўдасканальванню, а актыўнаму сацыяльнаму дзеянню. Зараз Асацыяцыя Святога Духа. з'яўляецца адной з самых багатых рэлігійных арганізацый свету. Яна валодае прадпрыемствамі ў харчовай прамысловасці, рыбалоўстве, вытворчасці камп'ютэраў, медыцынскай тэхнікі, станкабудаванні, выпускае некалькі газет і часопісаў.

Як такога культу ў Царкве Аб'яднання няма. Галоўнае ў ёй, згодна з веравучэннем Муна, — не фармальныя каноны і абрады, а людзі, якія клапоцяцца аб іншых. Таму вялікае значэнне надаецца дабрачыннай, а таксама палітычнай дзейнасці. Сацыяльная дактрына Царквы Аб'яднання свядома і паслядоўна антыкамуністычная. Камунізм разглядаецца Мунам як праява Сатаны.

Царква Аб'яднання арганізавана па прынцыпу адзінай сям'і. Усе яе члены лічацца дзецьмі Сэн Мён Муна і ягонай жонкі Хак-Джа Хан-Мун. Яны абвешчаны Сапраўднымі Бацькамі чалавецтва. Калі рэальныя бацькі супраць уступлення сваіх дзяцей у Царкву Аб'яднання, дык яны служаць Сатане, і, безумоўна, слухацца іх не трэба. Мун рэгулярна падбірае супругаў сярод сваіх паслядоўнікаў. Тыя маладыя людзі, якія не менш 3-х гадоў займаліся місіянерскай дзейнасцю і прывялі ў новую веру прынамсі трох чалавек, могуць падаць свае дадзеныя Муну, які іх вывучае і падбірае супружніцкія пары. Потым будучыя супругі на працягу года вывучаюць адзін аднаго і калі прыходзяць да высновы, што падыходзяць адзін аднаму, уступаюць у шлюб. Бласлаўляе іх Мун. У Царкве Аб'яднання практыкуюцца масавыя вянчанні на стадыёнах. Колькасць уступаючых у шлюб пар пры гэтым дасягае некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

На тэрыторыі СССР Царква Аб'яднання пачала неафіцыйна дзейнічаць у пачатку 70-х гг. Яе членамі ў асноўным былі. замежныя спецыялісты, якія тут працавалі. Савецкія ўлады справядліва лічылі Царкву Аб'яднання антыкамуністычнай арганізацыяй, і таму тых іншаземцаў, якіх падазравалі ў прыналежнасці да яе, пад рознымі зачэпкамі высылал і з краіны. У пачатку 80-х гадоў у некаторых буйных гарадах з'явіліся першыя муніты з савецкіх грамадзян. У асноўным гэта былі перакананыя антыкамуністы. Легалізацыя дзейнасці Царквы Аб'яднання адбывалася пасля таго, як у красавіку 1990 г. Мун наведаў СССР і сустрэўся з прэзідэнтам М.С. Гарбачовым. У Расіі Царква Аб'яднання зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі, колькасць мунітаў тут па розных ацэнках складае 1,5 — 2 тысячы чалавек.

На Беларусі муніты з'явіліся ў 1992 годзе. Сама Царква Аб'яднання, згодна з нашым заканадаўствам, лічыцца дэструктыўным рэлігійным аб'яднаннем і таму не рэгіструецца. Яна дзейнічае тут праз свае дачыныя арганізацыі: Студэнцкую Асацыяцыю «САRР» і «Міжнародную федэрацыю жанчын за мір ва ўсім свеце». Колькасць членаў гэтых арганізацый невялікая, але яны вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць у асноўным праз розныя курсы і семінары, на якіх прапагандуюцца ідэі Муна.

Сатанізм з'яўляецца паслядоўна антыхрысціянскім рэлігійным накірункам. Яго прыхільнікі шануюць Сатану як антыпода хрысціянскага Бога. Згодна з хрусціянскім веравучэннем Сатана (ад старажытнаяўрэйск. satan — праціўнік) — гэта крыніца ўсяго зла на зямлі, вораг чалавека, валадар пекла, кіраўнік ўсёй нячыстай сілы. Па свайму паходжанню — гэта анёл, які паўстаў супраць Бога і быў скінуты ў пекла. Адно з яго шматлікіх імёнаў — Люцыфер — «Анёл ранішняй зоркі». Шанаванне Сатаны пачалося яшчэ ў першня стагоддзі нашай эры. Да яго звярталіся за дапамогай у благіх справах: знішчэнне ворага, насыланне зла, падман і г.д. Лічылася, што Сатана можа выканаць любую просьбу чалавека, але ўзамен забірае сабе ягоную дущу. У сярэднія стагоддзі ў Заходняй Еўропе былі шырока распаўсюджаны так званыя «чорныя месы», у якіх шанаваўся Сатана. Гэта была пародыя на хрысціянскую месу, правілася яна ноччу, у разбуранай царкве, на алтары змяшчалася распранутая жанчына, на жывот ёй клалася распяцце дагары нагамі, паміж кален ставілася чаша, куды лілася сапраўдная кроў — у час чорнай месы рэзалі нехрышчонае немаўля. Хрысціянская царква рашуча змагалася з сатанізмам. Пры гэтым вельмі часта ў зносінах з Сатаной абвінавачваліся нявінныя людзі: жанчыны-знахаркі, ерэтыкі, псіхічна хворыя, якіх у выніку спальвалі на вогнішчы. Асабліва пацярпелі жанчыны, бо лічылася, што яны па сваей прыродзе схільныя да сувязяў з Сатаной. Так званая «працэсы над ведзьмамі» — адна з ганебных старонак у гісторыі хрысціянскай царквы.

Сатаніскі рух XX ст. уяўляе сабой шэраг накірункаў, кожны са сваёй праграмай і заснавальнікам. Найбольш вядомым з апошніх з'яўляецца англійскі акультыст Алістэр Кроўлі (1875 — 1947). Сваім паслядоўнікам ён абяцаў дасягнення сатанінскай моцы шляхам напаўнення сексуальна-аргіястычнай энергіяй, якая «пранізвае ўвесь космас». Для гэтага ім была распрацавана складаная сістэма магічных рытуалаў, куды ўваходзілі крывавыя ахвярапрынашэнні, ужыванне наркотыкаў і сексуальная ненармальнасці. Кроўлі прапаведаваў маральную ўседазволенасць і любыя пачуццёвыя асалоды па прынцыпу «рабі тое, што табе падабаецца». Сам ён памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў.

Адной з самых вядомых сатанінскіх арганізацый XX ст. з'яўляецца «Царква сатаны», заснаваная ў 1966 г. у ЗША былым дрэсіроўшчыкам львоў Энтані Шандарам Лавэем, які ў Вальпургіеву ноч, 30 красавіка, гучна абвясціў аб пачатку сатанінскай эры на Зямлі. Яшчэ да гэтай «гістарычнай падзеі», у 1959 г. тыражом 125 тысяч асобнікаў выйшла напісаная Лавэем «Біблія Сатаны», якая атрымала шырокае распаўсюджванне ў Амерыцы і Еўропе і вытрымала некалькі перавыданняў, у тым ліку і на рускай мове. Уся гэтая кніга пабудавана на перакручванні евангельскіх палажэнняў. Асноўным абавязкам чалавека абвешчана дасягненне самазацвярджэння любымі сродкамі. «Князь цемры» для яро наваяўленых прыхільнікаў — гэта ўвасабленне самаўзвялічанага Я. Адвяргаюцца «слабыя», «лібералы» і «вырадкі''. Д'ябал уяўляецца ў аўры гэткага супермэна, імітаваць якога павінны ягоныя прыхільнікі. Вось некалькі палажэнняў з „Бібліі Сатаны“: „Той, хто падстаўляе другую шчаку — труслівы сабака“, „Ты павінен кіраваца сваімі прыроджанымі інстынктамі“, „Няхай будуць праклятыя лагодныя, бо яны ўспадкуюць прыгнёт“, „Няхай будуць дабрашчасныя моцныя, бо яны будуць валадарыць зямлёй“, „Ці не з'яўляемся мы, кіруючыся інстынктамі, драпежнымі звярамі? Калі чалавечыя істоты цалкам перастануць рабіць адзін аднаго сваёй здабычай, ці змогуць яны працягваць сваё існаванне?“. У той жа час у „Бібліі Сатаны“ адмаўляюцца крывавыя ахвярапрынашэнні, асабліва чалавечыя, — мэтай сатаніста абвяшчацца самарэалізацыя шляхам паслядоўнага адмаўлення хрысціянскіх нормаў, а не прычыненне блага іншаму чалавеку.

Лавэй разглядаў Сатану як выратавальніка, які клапоціцца аб плоцкіх патрэбах чалавека. Ён лічыў, што чалавек, па сваёй сутнасці з'яўляецца жорсткай і эгаістычнай істотай, часам больш нізкай, чым жывёла, таму трэба аддаваць Д'яблу д'яблава.

На тэрыторыю былога Савецкага Саюза сатанізм пранік у пачатку 70-х гадоў праз Адэсу. Потым сатанінскія арганізацыі былі створаны ў Маскве і Ленінградзе і далей у мног іх іншых, як правіла, буйных гарадах СССР.

Існуюць сатаністы ва ўмовах строгай канспірацыі, часта іх дзейнасць мае крымінальны характар, і звестак аб гэтай секце вельмі мала. Вядома, што на тэрыторыі Расійскай федэрацыі зараз існуе ад 80 да 100 сатанінскіх арганізацый у больш чым 40 гарадах, пры гэтым каля 40 — толькі ў Маскве, і каля 10 — у Санкт-Пецярбурзе.

Дакладная колькасць сатанінскіх арганізацый на тэрыторыі Беларрусі невядома. Мяркуецца, што яны ёсць амаль ва ўсіх буйных гарадах краіны. Праўда, тэрмін існавання гэтых арганізацый, як правіла, невялікі. У асноўным складаюцца яны з моладзі, для якой сатанізм — адна з экзатычных забаў, якая нярэдка спалучаецца з алкаголем, сексам і наркотыкамі. Распаўсюджанню сатанізму ў маладзёжным асяроддзі спрыяе зацікаўленасць так званым „цяжкім рокам“, у якім музыка, прызначаная выклікаць у слухачоў агрэсіўную энергію, спалучаецца з тэкстамі, у якіх адмаўляюцца хрысціянскія і гуманістычныя каштоўнасці і, часам, адкрыта прапаведуецца культ Сатаны.

У пачатку 90-х гадоў сатаністы ў краінах былога Савецкага Саюза заявілі аб сабе шэрагам гучных крымінальных спраў, у асноўным з нагоды апаганення хрысціянскіх храмаў і рытуальных забойстваў. На тэрыторыі Беларусі адбылося адно такое забойства. У кастрычніку 1995 г. у Брэсце двое сатаністаў сякерай забілі маладога чалавека, таксама члена сатанінскай групоўкі. У асноўным сатаністы на сваіх службах садысцкі забіваюць катоў і сабак, а потым выкарыстоўваюць іх кроў з рытуальнымі мэтамі.

Хрысціянства сатаністы лічаць „ілжывай жыдоўскай рэлігіяй“, яны выварочваюць крыжы на могілках, робяць на цэрквах надпісы тыпу „Сатана жывы“, „Смерць хрысціянскім сабакам“, малююць перавёрнутую зорку і лічбу 666. Нярэдка гэта робіцца з хуліганскіх меркаванняў юнакамі, якія не маюць да сатанізму ніякіх адносін.

Сацыялагічныя і псіхалагічныя даследаванні сведчаць, што, як правіла, да сатаністаў трапляюць тыя маладыя людзі, у сем'ях якіх няма ўзаемапаразумення і пачуцця адзінства, таму яны гвалтоўным чынам імкнуцца задаволіць гэтыя патрэбы, пры адначасовым вострым адчуванні жаху і бессэнсоўнасці жыцця. Такім чынам, сатанізм для іх з'яўляецца спосабам агрэсіўнай кампенсацыі атрыманых псіхічных траўм, самазацвярджэння сябе шляхам адмаўлення прынятых маральных норм. Як правіла, гэта спалучаецца з пошукам задавальнення ў наркотыках, алкаголі альбо сэксе пры агульнай незадаволенасці самім сабой і адчуванні сваёй духоўнай убогасці. Вельмі часта гаворка павінна весціся не аб свядомым прыняцці чалавекам сатанінскіх поглядаў, а аб ягонай псіхічнай траўміраванасці і маральнай дэзарыентацыі.

Трэба адзначыць, што паняцце „нетрадыцыйная рэлігія“ даволі ўмоўнае, і пад яго падпадаюць вельмі непадобныя паміж сабой вераванні і культы, таму да іх патрэбны дыферэнцыраваны падыход. Зараз у свеце налічваецца 121 мільён прыхільнікаў нетрадыцыйных рэлігій.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Грыгор'ева В.В., Канфесіі на Беларусі (к.ХVII – ХХ стст.) / В.В. Грыгор'ева, У.М. Завальнюк, У.І. Навіцкі, А.М. Філатава. – Мн.: ВП „Экаперспектыва“, 1998. – 340с.

2. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А.Адзіночанка. — Минск: Універсітэцкае, 2001. — 240 с.

3. Костюкович П.И. Религиоведение: Уч. пособ. – Мн.: „Новое знание“, 2001. – 192с.

4. Круглов А.А. Основы религиоведения. – Мн.: ТетраСистемс, 2002. – 192с.

еще рефераты
Еще работы по релгии и мифологии