Реферат: Феадальная эканоміка на Беларусі ў ІХ–ХІІ стагоддзях

Феадальная эканоміка на Беларусі ў ІХ – ХІІ стагоддзях

ЗМЕСТ

1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці

2. Гаспадарчае развіццё княстваў, зямель і гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў IX — першай палове XIII ст.

2.1 Земляробства

2.2 Бортніцтва

2.3 Хатнія промыслы

3. Эканамічныя прычыны феадальнай раздробленасці

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Асноўныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці

Тэрмін «феадалізм» быў уведзены ў навуку ў XIX ст. Ен абазначаў адпаведны эканамічны і грамадска-палітычны лад. Даследчыкі разглядалі феадальныя адносіны як спалучэнне вярхоўнай і мясцовай улады з землеўладаннем, станаўленне васальнай іерархіі. У выніку феадалізм можна вызначыць як грамадска-палітычны і эканамічны лад, што характарызаваўся наступнымі прыкметамі:

— панаваннем аграрнай вытворчасці;

— спалучэннем права землеўладання з палітычнай уладай і васальнымі абавязкамі;

— панаваннем іерархіі ваеннага саслоўя;

— асабістай залежнасцю сялян ад гэтага саслоўя;

— натуральным характарам гаспадаркі.

Пры феадалізме такая галіна аграрнай вытворчасці як земляробства становіцца асноўным заняткам большай часткі насельніцтва. З земляробствам звязаны жывёлагадоўля, што давала цяглавую сілу і ўгнаенне для палёў, і падсобныя промыслы ці выраб прылад працы. Адначасова захоўвалі важную ролю паляванне, рыбная лоўля, бортніцтва. Пры феадалізме працягвала існаваць так званая натуральная гаспадарка, арыентаваная на самазабеспячэнне асноўных патрэб. Развіццё рамяства, гандлю, таварнай гаспадаркі праходзіла павольна, паступова выклікала разлажэнне феадальных адносін.

Для феадалізму характэрна асабістае і эканамічнае падпарадкаванне сялян землеўладальнікам. Сяляне карысталіся надзелам зямлі, мелі сродкі вытворчасці, але пазбаўляліся права распараджацца сваім надзелам, а потым і сваёй асобай, траплялі пад юрысдыкцыю феадалаў і станавіліся часткай іх маёмасці. На тэрыторыі Беларусі такое становішча сялянства было замацавана ў XVI ст. Запрыгоньванне сялян распаўсюджваецца і ўзмацняецца ва ўмовах росту таварнасці сельскай гаспадаркі, калі буйныя землеўладальнікі праз юрыдычнае права рэалізуюць сваю зацікаўленасць у замацаванні работніка за зямлёй.

Сярод іншых асаблівасцяў феадальнага ладу трэба адзначыць складаную саслоўную іерархію і карпаратыўнасць, сацыяльна-юрыдычны статус са шматлікімі прывілеямі і абавязкамі перадаваўся па спадчыне. Багацце станавілася знакам прэстыжу, шчодрасці, гасціннасці, гонару феадала. Маёмасць трэба было дарыць, раздаваць прыбліжаным, васалам, якія станавіліся маральна і юрыдычна абавязанымі гаспадару і служылі яму, ахвяраваць царкве.

Матэрыяльная вытворчасць разглядалася як сродак самазабеспячэння, годнага існавання. Гандаль і асабліва махлярства пераважна асуджаліся. Разам з тым праца разглядалася як занятак ніжэйшых саслоўяў, сродак падаўлення грахоўнасці, якая, спалучаецца з бяздзейнасцю. Такі погляд распаўсюджваўся рэлігіяй, што становіцца пры феадалізме ўніверсальным рэгулятарам грамадскага жыцця.

Эканамічныя ўзаемаадносіны сялян з феадаламі рэгуляваліся феадальнай рэнтай, якая выступала ў трох асноўных відах:

1) натуральная, называлася данінаю, потым натуральным аброкам, аддавалася прадуктамі земляробства, палявання, рыбнай лоўлі, бортніцтва, пераважала падчас станаўлення феадальных адносін;

2) адпрацовачная, забіралася ў форме паншчыны, будаўнічай, фурманкавай, ахоўнай і іншых павіннасцяў; была асноўнай формай феадальных абавязкаў сялян падчас сталага феадалізму і пачатку яго разлажэння. Феадалы імкнуліся павялічыць таварнасць сваёй гаспадаркі, што было выклікана ростам гарадоў і попытам на збожжа, іншую сельскагаспадарчую прадукцыю для гарадскога гандлёварамеснага насельніцтва;

3) грашовая, на Беларусі яна называлася чыншам і ўплочвалася грашыма.

У гарадах развіваліся новыя эканамічныя адносіны, змяняўся стыль і рытм грамадскага жыцця. Узрастала значэнне грошай як усеагульнага эквіваленту, што прымушала феадалаў пераводзіць сялян на грашовую рэнту, што спрыяла развіццю прадпрымальніцтва, таварнаграшовых адносін.

Гісторыю феадалізму на Беларусі можна падзяліць на тры перыяды:

1) раннефеадальны — IX — першая палова XIII ст.;

2) развіты феадалізм — другая палова XIII першая палова XVII ст.;

3) разлажэнне феадалізму – другая палова XVII — першая палова XIX ст.

Першы перыяд характарызуецца раздзяленнем сацыяльных функцый паміж абшчыннікамі, якія займаліся сельскагаспадарчай і іншай вытворчай працай, і кіраўнікамі грамадства — ваенным і духоўным саслоўем. Фарміруецца саслоўе землеўладальнікаў і сялянскае саслоўе землекарыстальнікаў. Вызначаецца феадальная рэнта. Сістэма феадальных узаемаадносін замацоўваецца ў раннефеадальных дзяржавах (Полацкае, Тураўскае і іншыя княствы).

Другі перыяд адзначаецца развітымі феадальнымі адносінамі, складанай сістэмай супадначаленасці і карпаратыўнасці. Правы феадалаў на зямлю дапаўняюцца правамі на асобу селяніна. У гэты перыяд назіраецца ўздым эканомікі і культуры.

Трэці перыяд звязаны з зараджэннем капіталістычных адносін і разлажэннем традыцыйных феадальных эканамічных і грамадскіх парадкаў. Рост гарадоў, таварна-грашовых адносін, фарміраванне ўнутранага рынку — усё гэта падрывала асновы феадалізму, вылучала на першы план камерцыйныя адносіны і неабходнасць змяніць грамадскі лад, заснаваны на карпаратыўнасці і прыгоне, спадчыннасці правоў і абавязкаў.

Феадальныя адносіны на тэрыторыі Беларусі развіваліся ў рэчышчы агульнаеўрапейскага працэсу. Эканоміка і культура ў XV — XVI стст. дасягнулі значнага прагрэсу. Размяшчэнне тэрыторыі Беларусі на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў спрыяла эканамічнаму і палітычнаму развіццю, успрыманню заходняга і ўсходняга ўплыву. У гэты час фарміраваўся беларускі этнас.

2. Гаспадарчае развіццё княстваў, зямель і гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў IX — першай палове XIII ст.

У сярэдзіне IX ст. крывічы-палачане стварылі самастойнае Полацкае княства — першае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі. На поўначы яно межавала з Ноўгарадскай зямлёй, на ўсходзе — са Смаленскай, на поўдні — з Тураўскай, на захадзе — з землямі балтаў. Полацкае княства займала паўночна-ўсходнюю частку сучаснай Беларусі і некаторыя сумежныя тэрыторыі. Тураўскае княства – другое дзяржаўнае ўтварэнне на беларускіх землях. Паўночная мяжа Тураўскага княства праходзіла ў сярэдняй Беларусі, усходняя — па Дняпры, на захадзе Тураўскае княства межавала з яцвягамі, на поўдні — з валынянамі. Частка сучаснай Беларусі займала Смаленскае княства, (Мсціслаў, Крычаў, Орша).

На адпаведным этапе гісторыі старажытнабеларускія княсты ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы, па-іншаму – Імперыі Рурыкавічаў. У любым выпадку, палітычнае аб'яднанне асобных княстваў не падмацоўвалася рэальнымі эканамічнымі сувязямі і было нетрывалым.

Узровень эканамічнага развіцця нашых продкаў у IX – першай палове XIII ст., характарызаваўся дасканалымі па тым часе прыладамі працы, прагрэсіўнымі формамі гаспадарання і выразнымі раннефеадальнымі грамадскімі адносінамі пры захаванні рэшткаў абшчыннага і рабаўладальніцкага ўкладаў.

2.1 Земляробства

Земляробства, было асноўнай галіной гаспадаркі для ўсяго насельніцтва першых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На змену падсечна-агнявому, характэрнаму для ранейшых часоў, прыйшло ворнае земляробства. Калі ў сярэдзіне 1 тыс. н.э. асноўнымі прыладамі земляробаў на тэрыторыі Беларусі былі жалезная сякера, драўляная саха і барана, якімі распрацоўвалі вызваляемыя ад лесу ўчасткі пашы, то ў IX — XI стст. ужо часта сустракаецца вялікае драўлянае рала з жалезным наральнікам (папярэднік плуга). Больш шырока сталі выкарыстоўваць валоў і коней як цяглавую сілу, а не для харчавання. У летапісах ужо ўпамінаюцца азімыя і яравыя пасевы.

Цяжкая шматвяковая папярэдняя праца па расчыстцы лесу прывяла да з'яўлення вялікіх плошчаў ворных земляў. Апрацоўка ворыва ўжо не патрабавала працы шматлікіх родавых калектываў, асноўныя гаспадарчыя работы маглі ўжо весціся адной сялянскай сям'ёй (адным «дымам», адным «ралам»). Гэтая гаспадарчая адзінка становіцца адзінкай падаткаабкладання.

Тым не менш, на поўдні Беларусі, у Прыпяцкім Палессі, вялікія забалочаныя прасторы і густыя лясы прымушалі яшчэ доўга весці земляробства ў форме лясной аблогі і ляда. Невыпадкова аж да XIX ст. на Палессі захоўвалася архаічная вялікая патрыярхальная сям'я — палескае «дворышча», якая вяла такую гаспадарку.

Акрамя сахі і рала продкі беларусаў выкарыстоўвалі ў сваёй сельскагаспадарчай працы сярпы з насечкаю, якія па форме нагадваюць сучасныя. У IX ст. жалезныя сярпы мелі наваранае стальное лязо, больш буйныя памеры, моцна загнутую рабочую частку і прамую ручку. Драўляныя бароны, граблі, цапы, лапаты, матыкі пры археалагічных раскопках не выяўлены (акрамя жалезных аковак матык і лапат), але іх існаванне пацвярджаюць мініяцюры старажытных летапісаў. Сеялі і ўбіралі ўраджай уручную, малацілі драўлянымі цапамі. Для памолу зерня шырока распаўсюдзіліся круглыя каменныя жорны. Захоўвалася зерне ў спецыяльна прыстасаваных свірнах. Алей выціскалі простымі прэсамі.

Новыя тэхналогіі ў земляробстве былі звязаны з выкарыстаннем двухполля і ўзнікненнем архаічнага трохполля. Адно поле засявалася, а другое ў гэты час знаходзілася пад парам альбо адно поле засявалася яравымі, другое — азімымі, трэцяе было пад парам. Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі на тэрыторьгі Беларусі былі жыта і пшаніца. Значнае месца займалі ячмень, авёс і проса. Шырока культываваліся бабы, гарох, віка, а таксама алейныя і валакністыя культуры — лён і каноплі.

Старажытнае насельніцтва Беларусі мела агароды і сады. Вырошчвалі амаль усю зараз вядомую агародніну і садавіну. Шырока былі распаўсюджаны капуста, рэпа, агуркі, буракі, рэдзька, морква і цыбуля. Пісьмовымі і археалагічнымі матэрыяламі засведчана развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў.

Цесна звязана з земляробствам жывёлагадоўля. Галоўным памагатым селяніна быў конь, не меншае значэнне мела і буйная рагатая жывёла. Яна давала мяса, малако, скуру, рог, косткі, якія шырока выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Валы таксама сталі выкарыстоўвацца і ў якасці цяглавай сілы. Галоўным чынам дзеля воўны разводзіліся авечкі і козы. Шырокае развіццё ў гэты час атрымала свінагадоўля. Ужыванне свініны, напрыклад, было абавязковым у рытуале сустрэчы новага года. Ворнае земляробства немагчыма ўявіць без угнаенняў, адзінай кныніцай была жывёлагадоўля.

2.2 Бортніцтва

Бортніцтва паступова з прысвойвальнай галіны гаспадаркі станавілася вытворчай, бо людзі пачалі не толькі забіраць прадукцыю лясных пчол, але і разводзіць іх у вуллях. Мёд выкарыстоўваўся як салодкая прыправа і як сыравіна для вырабу хмяльнога напою. Бортніцтва давала воск, які прымяняўся для вырабу свечак. На гэтыя патрэбы ён экспартаваўся ў Заходнюю Еўропу.

Важным дадаткам да сельскай гаспадаркі гаспадаркі былі паляванне і рыбалоўства. Паляванне мела два напрамкі: харчовае (паляванне на высакароднага аленя, зубра, дзіка, казулю, гуся, лебедзя, цецерава) і футравае (паляванне на баброў, лісіц, куніц, мядзведзяў, вавёрак, ваўкоў, зайцоў).


2.3 Хатнія промыслы

Хатнія промыслы былі таксама неад'емнай часткай натуральнай сялянскай гаспадаркі.

Аб поспехах у прадзенні і ткацтве сведчаць драўляныя часткі ткацкага станка — збоі і чаўнок — што былі знойдзены ў Гродзенскім Старым замку разам з абломкам драўлянага навоя, яго касцянымі галоўкамі і драўляным грэбнем для часання кудзелі і воўны. Ткалі палатно (тканіна з расліннай сыравіны) і сукно (тканіна з воўны). Такія самаробныя тканіны выкарыстоўваліся для пашыву адзення і ў хатняй гаспадарцы.

Апрацоўка скур і пашыў вопраткі з іх таксама мелі ў сялянскай гаспадарцы характар хатняга промыслу. Апрацаваныя скуры, асабліва футры, у гэты перыяд былі адным з галоўных відаў даніны на карысць князя, царквы або мясцовага баяра (феадала). Яны былі і найважнейшым відам экспарту.

Нягледзячы на тое, што ганчарства ўжо існавала як рамяство, значную колькасць посуду з дрэва і гліны рабілі самі абшчыннікі для ўласнага выкарыстання.

3 працэсам развіцця рамяства і аддзяленнем яго ад сельскай гаспадаркі звязаны і працэс узнікнення і росту гарадоў. Гарады – гэта паселішчы шматфункцыянальнага тыпу. Яны выконвалі гандлёва-рамесніцкія, аграрныя, адміністрацыйна-фіскальныя, ваенна-абарончыя, культурныя, рэлігійныя функцыі. Гарады ўзнікалі ў найбольш развітых і густазаселеных раёнах, яны садзейнічалі больш хуткаму разбурэнню патрыярхальна-родавых адносін.

У гарадах жылі свецкія і духоўныя феадалы, іх слугі, сюды сцякалася насельніцтва з ліку беглых рабоў і сялян, асобы, што займаліся рамяством і гандлем. Рамеснікі былі асноўным насельніцтвам гарадоў. Яны падзяляліся на залежных, што жылі пры дварах уладальнікаў і абслугоўвалі інтарэсы гаспадароў і свабодных, што працавалі на заказы і рынак.

У развіцці рамёстваў і гандлю можна адзначыць два перыяды: X – XI стст. – перыяд слабога развіцця рамяства і таварна-грашовых адносін, і XII – XIII стст., калі гарады становяцца цэнтрамі рамяства і гандлю.

Да гэтага часу вылучыўся ўжо цэлы шэраг рамесніцкіх прафесій.

У гарадах з'явілася не менш 16 прафесій у галіне апрацоўкі жалеза. У XI — XII стст. яны выраблялі больш за 100 відаў жалезных вырабаў: косы, сярпы, сякеры, малаткі і іншыя прылады працы, розныя віды зброі (мячы, кальчугі, шлемы), прадметы быту і ўпрыгажэння. На гэты час была вядома сталь, тэхналогіі кавальскай зваркі, загартоўкі, цэментацыі. Акрамя жалеза апрацоўвалі і іншыя металы і сплавы – медзь, бронзу, волава, свінец. Кавалі мелі горан і кавадла, а таксама клешчы і молаты розных памераў. Выплаўкай жалеза ў сырадуўных горнах займаліся ў асноўным вясковыя кавалі. Яны пастаўлялі жалеза і ў гарады.

Ювеліры працавалі не толькі на багатых замоўцаў, але і на шырокі рынак. Аб гэтым сведчаць знаходкі танных упрыгожванняў з волава, бронзы, а таксама каменныя формы, у якіх адліваліся танныя ўпрыгожванні. Больш каштоўныя рэчы вырабляліся з выкарыстоўваннем складаных тэхналогій зерня (пайка маленькімі шарыкамі металу) і скані (пайка драцянога арнаменту). Буйным замоўцам ювеліраў стала царква. Іконы упрыгожвалі акладамі, выраблялі прылады культу. Менавіта ў Полацку ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам быў зроблены па замове Еўфрасінні Полацкай крыж. Гэты крыж з каштоўнага дрэва быў абкладзены залатымі пласцінамі з жэмчугам і самацветамі. Асаблівую каштоўнасць мелі эмалевыя мініяцюры з арнаментам і выявамі святых.

Ганчарства больш хутка стала развівацца са з’яўленнем спецыяльнага прыстасавання – ганчарнага кола ў першай палове X ст. Менавіта пасля гэтага яно вылучылася ў асобнае рамяство.

Апрацоўкай дрэва займаліся сталяры. Іх прадукцыя – міскі, дзежкі, вёдры, кадушкі і г.д. Вырабы для знаці пакрывалі мастацкай разьбой. Шырока карысталіся такарным станком, які з’явіўся адначасова з ганчарным кругам.

Асобна можна адзначыць гарбарна-шавецкае рамяство, разьбу па косці, апрацоўку камня, перапісванне кніг, будаўніцтва.

Беларускія будаўнікі дасягнулі пэўных поспехаў. Сафійскі сабор у Полацку (XI ст.), Каменная вежа ў Камянцы (XI ст.), Спаса-Ефрасіннеўская царква (сярэдзіна ХІІ ст.), Каложская царква ў Гродне (ХІІ ст.) і цэлы шэраг пабудоў, што не захаваліся да нашых часоў, былі пабудаваны пад наглядам спачатку візантыйскіх і кіеўскіх майстроў, а пазней і самастоўна. Наогул, вылучаецца тры архітэктурныя школы – полацкая, гродзенская і смаленская, што мелі ўласцівыя асаблівасці ў тэхніцы праектавання, будавання і аздаблення.

У X – XI стст. рамеснікі працавалі не для рынку, а пад замовы з боку пакупніка. Гэта тлумачыцца слабым развіццём у Полацкім і Тураўскім княствах таварна-грашовых адносін, поўным панаваннем натуральнай гаспадаркі. Заказ аплочваўся натурай, неабходнымі рамесніку прадуктамі, радзей грашыма. Толькі пазней вытворчасць на рынак пашырылася, але стрымліваючыя фактары пераадолены не былі. Рамеснік-адзіночка спецыялізаваўся на асобным тыпе вырабаў, якія ен павінен быў рабіць сам ад пачатку да канца, сваімі самадзельнымі прыладамі працы і ўласнымі рукамі. У гэтым – адметная рыса сярэднявечнага рамяства.

Старажытнабеларускі горад складаўся з дзвюх частак: умацаванага дзяцінца (града) і рамесна-гандлёвага пасада, дзе знаходзіўся рынак. Рамеснікі падзяляліся на свабодных і залежных (княжацкіх і баярскіх). Гарадскую знаць складала баярства.

Хуткае развіцце рамяства, геаграфічнае палажэнне зямель спрыяла развіцю ўнутраннага гандлю і ўключэнню першых княстваў у міжнародны гандаль.

Цэнтрамі ўнутранага гандлю былі гарады. Яны мелі рынкі, на якіх ішоў гандаль як прадуктамі харчавання, так і рамеснымі вырабамі. На рынкі прывозілі тавары і заморскія купцы. Знешні гандаль вёўся ў асноўным у тых гарадах, якія стаялі на рэках. Выключнае значэнне меў водны “шлях з варагау ў грэкі”. Ён звязваў усходнееўрапейскія землі паміж сабою, а таксама Прыбалтыку і Скандынавію з Арабскім Усходам і Візантыяй. Больш-менш актыўна функцыянаваў шлях да пачатку XIII ст. Менавіта на гэты перыяд прыходзіцца росквіт першых беларускіх княстваў. Паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной, а таксама паміж Заходняй Дзвіной і Ловаццю былі волакі, таму што тут водны шлях перарываўся. Кантроль за волакамі з боку таго ці іншага княства даваў выключныя эканамічныя перавагі, гэта была асноўная крыніца паступленняў “жывых грошай” ў княскую скарбніцу. Полацк згодна свайму геаграфічнаму становішчу кантраляваў заходнюю галіну шляху, але Брачыслаў Ізяслававіч у 1026 годзе па дамове з Яраславам Мудрым, князем Ноўгарада (з 1036 г. – Вялікі князь Кіеўскі) атрымаў кантроль і над галоўнай часткай шляху. Нездарма праз два дзесяцігоддзі у Полацку з’явіўся Сафійскі сабор. Побач з волакамі былі мытні, склады, факторыі купцоў, у тым ліку замежных. Напрыклад, у канцы XII ст. немцы мелі свае двары ў розных гарадах Полаччыны. Найбольш заможныя купцы Полаччыны мелі вялікі ўплыў у грамадстве, у прыватнасці ў полацкім вечы. Аб канцэнтрацыі грошай у полацкай зямлі гаворыць скарб, што быў знойдзены пад Полацкам ў 1973 годзе. Яго меншая частка, якая трапіла да даследчыкаў, налічвала больш за 7000 манет (арабскіх дырхемаў). Гэты буйнейшы скарб на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы адносіцца да X ст.

3 беларускіх зямель вывозілі футру, воск, мёд, лён, зброю і іншыя тавары, якія ішлі на рынкі Заходняй Еўропы і Усходу. 3 Блізкага Захаду і Візантыі паступалі прадметы раскошы: тканіны, вострыя прыправы, грэцкія арэхі, шкляны посуд, арабскія краіны разлічваліся манетай — дырхемамі. Гэта манета з’яўлялася асноўным сродкам аплаты ў міжнародным гандлі, своеасаблівай сусветнай валютай тых часоў.

У Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі існавала даволі развітае па тым часе, але стракатае грашовае абарачэнне. Самай буйной грашовай адзінкай была грыўна, якая ўпершыню ўпамінаецца ў 882 г. Срэбныя грыўны-зліткі каштавалі па вазе. Адрознівалі “літоўскія” (100-105 г.), “кіеўскія” (163-165 г.), “наўгародскія” (200 г.) грыўны. Грыўна – вялікая грашовая адзінка. Дзеля меншых разлікаў яе распільвалі на часткі. Насельніцтва Беларусі карысталася таксама манетай іншаземнай чаканкі, якая мелася ў вялікай колькасці (знойдзена некалькі тысяч скарбаў іншаземных манет). Арабскія дырхемы былі ў абаротку ў IX – X стст., у XI ст. манеты (дынарыі) пастаўлялі Англія і Германія. А перыяд XII – XIII стст. мае назву “безманетнага”, гэта звязана з упадкам гандлевага шляху “з варагаў у грэкі” Развіццё гандлю і грашовага абарачэння не мяняла агульнага натуральнага характару гаспадаркі беларускіх зямель. Таварная вытворчасць з'яўлялася толькі невялікай часткай грамадскай вытворчасці. Эканамічныя сувязі наладжваліся галоўным чынам з «дальнім замежжам».

3. Эканамічныя прычыны феадальнай раздробленасці

Перыяд IX — першай паловы ХІІІ стст. характарызаваўся складваннем раннефеадальных адносін. Разам з тым у продкаў беларусаў, як і ва ўсіх усходніх славян, у гэты час існавалі даволі моцныя традыцыі ранейшай абшчыннасці і выразныя праявы хатняга рабаўладальніцтва. Суіснавалі тры ўклады ў арганізацыі вытворчасці і грамадскага жыцця: раннефеадальны, абшчынны і рабаўладальніцкі.

Абшчына захавалася ад старажытных часоў першабытнасці, калі аднаасобна чалавек не мог займацца падсечным земляробствам і паляваннем на буйных жывёл. Абшчына і ў раннім сярэднявеччы працягвала адыгрываць важную ролю ў арганізацыі жыцця і вытворчасці земляробаў. Абшчыннікі-смерды былі свабоднымі ў распараджэнні ворыўнай зямлёй, а таксама маглі пакінуць яе, але чалавек меў вельмі мала шанцаў на аднаасобнае выжыванне. Абшчынай абаранялася маёмасць, аднаўлялася разбуранае ці спаленае жыллё, ажыццяўляўся суд, пазней сталі збірацца падаткі на карысць князя ці баярына і г.д.

Разам з абшчынным укладам існавалі даволі выразныя рысы рабаўладальніцтва. Асноўнай крыніцай захопу рабоў былі войны. Праца нявольнікаў была прымусовай, непрадукцыйнай, і яна не атрымала шырокага распаўсюджвання ва ўсходніх славян.

Новым укладам, які ўсё больш пашыраўся і паглыбляўся, быў феадальны.

Працэс феадалізацыі заключаўся ў тым, што фарміравалася буйное землеўладанне князёў, баяраў, царквы, а сялянства, якое працавала на гэтай зямлі, трапляла ў залежнасць ад феадалаў.

Па меры фарміравання дзяржаўнасці зямля стала лічыцца дзяржаўнай маёмасцю. Вярхоўным яе ўласнікам быў князь. Ён збіраў са сваёй дружынай рэнту — даніну ці палюддзе, — якая была першай формай дзяржаўнага падатку на ўтрыманне органаў княжацкай улады (перш за ўсё двара і дружыны). Адзінкай падаткаабкладання быў сялянскі двор («дым») — вялікая патрыярхальная сям'я, або «саха» (двор з новай зямлёй).

3 канца Х і асабліва ў XI ст. у Полацкім, Тураўскім і іншых княствах на тэрыторыі Беларусі ішоў працэс росту колькасці буйных феадалаў і плошчаў іх уладанняў. Крыніцамі фарміравання буйнога феадальнага землеўладання былі:

1) захоп незанятых зямель, якіх было яшчэ шмат;

2) захоп абшчынных зямель шляхам прамога насілля

3) захоп абшчынных зямель на падставе княжацкіх падараванняў.

Акрамя князёў буйнымі землеўладальнікамі становяцца баяры. Гэта саслоўе складвалася з мясцовай знаці («лепшых», «старэйшых» людзей), а таксама вышэйшых чыноў княжацкага двара, якія атрымлівалі зямлю ў кіраванне, падарунак або вотчыну. 3 канца Х ст., пасля прыняцця хрысціянства, буйным землеўладальнікам становіцца царква.

Феадальнае землеўладанне існавала ў двух формах – памесным (без права прадаваць, дарыць і г.д.) і вотчыны, што паступова пераважала. Маёмасць знаходзілася ў поўнай уласнасці феадала, перадавалася ў спадчыну, магла быць прададзена, падаравана. Вотчына — комплекс феадальнай зямельнай уласнасці (зямля, пабудовы, жывы і нежывы інвентар) і звязаных з ёю правоў на феадальна залежных сялян. Аснову вотчыны складалі панская гаспадарка і сялянскія трыманні. Для рэалізацыі сваіх правоў уладальнік вотчыны абапіраўся на ўласны апарат прымусу і цэнтральную ўладу. Эканамічная структура вотчыны характарызавалася рознымі суадносінамі панскай і сялянскай гаспадарак, розным спалучэннем формаў рэнты: паншчыны, прадуктовага і грашовага аброкаў.

Першыя звесткі аб княжацкіх вотчынах у Полацкім княстве адносяцца да Х ст., аб баярскіх і манастырскіх вотчынах з'яўляюцца ў XI — XII стст. У XI — XII стст. феадальныя правы вотчыннікаў замацоўваюцца ў зводзе законаў — Рускай Праўдзе.

Як вынік з'яўлення буйнога землеўладання – узмацненне феадальнай залежнасці сялян. Па сваім гаспадарчым і прававым становішчы сяляне-смерды падзяляліся на дзве асноўныя групы: вольных у распараджэнні сваёй асобай і залежных ад землеўладальнікаў. 3алежныя сяляне – гэта «радовічы», халопы, закупы, удачы. Назва «радовіч» ідзе ад слова «рад», гэта значыць дагавор, на падставе якога радовіч працаваў у гаспадарцы феадала і які вызначаў пэўную залежнасць смерда ад феадала. Халопы былі несвабоднымі і знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадалаў. Закупамі называлі тых сялян, якія атрымлівалі ад землеўладальнікаў пазыку (купу) і павінны былі працаваць да выплаты доўгу. Многія не маглі вярнуць пазыку і рабіліся неаплатнымі даўжнікамі. Удачамі называлі людзей, якія часова працавалі ў феадала, але не мелі на яго зямлі асабістай гаспадаркі. За работу ўдачы атрымлівалі «міласць» — хлеб і прыдатак.

З'яўленне радовічаў, халопаў, закупаў і ўдачаў сведчыла аб маёмасным расслаенні сялянскай абшчыны і аб канцэнтрацыі зямельнай уласнасці і прававых прывілеяў у руках феадалаў-землеўладальнікаў.

Расла вытворчасць сельскай гаспадаркі і рамясгва, расло накапленне багацця княжацкімі вотчынамі, ўзнікала магчымасць утрымліваць большыя і мацнейшыя дружыны, узмацнялася імкненне князёў да самастойнасці. Самастойнасць Полацкага, Тураўскага княстваў з канца XI ст. ужо ніхто не аспрэчвае. Яны ў сваю чаргу пачынаюць дзяліцца на ўдзелы. Полацкае княства вымушана лічыцца з выдзяленнем Віцебскага, Мінскага, Ізяслаўскага, Друцкага княстваў. Ад Тураўскага княства адасабляюцца Пінскае, Клецкае, Слуцкае. Гэтак жа распадаюцца і іншыя ўсходнеславянскія княствы: Навагародскае, Кіеўскае, Галіцка-Валынскае і г.д.

Нягледзячы на княскія ўсобіцы, археалагічныя даследаванні, а таксама культурная спадчына сведчаць, што менавіта XI — XII стст. пакінулі больш багатыя пласты, знаходкі ў якіх дазваляюць зрабіць выснову аб уздыме вытворчасці і культуры ў адпаведны час.

Перыяд феадальнай раздробленасці з'явіўся лагічным працягам развіцця эканамічных феадальных адносін. Феадальныя адносіны як спосаб арганізацыі грамадскай вытворчасці і кіравання грамадствам у гэтых умовах структурыруюцца. Фарміруецца ўласцівая феадалізму іерархія супадпарадкаванасці землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў. На ніжэйшай прыступцы яе стаіць селянін — вытворца асноўнай прадукцыі грамадскага багацця, прадукцыі земляробства. Само сялянскае саслоўе становіцца даволі стракатым у залежнасці ад формаў узаемаадносін з феадаламі. Стракатае ў сваёй супадчынёнасці і феадальнае саслоўе. Паступова прадстаўнікі кіруючага саслоўя сталі перадаваць свой грамадзянскі статус па спадчыне, але рубеж паміж баярствам і сялянствам у гэты перыяд быў яшчэ даволі рухомы. Поўная саслоўная карпаратыўнасць замацуецца толькі ў XVI ст.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. В.І. Галубовіч Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В.І. Галубовіча — Мінск, 1996.

2. С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С. Ф. Шымуковіч – Мн, 2001.

3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1-5. Мінск, 1993, 1999.

4. Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX – XIII стст.). Мінск, 1997.

5. Гісторыя сялянства Беларусі. У 3 тамах. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытных часоў да 1861 г. Мінск, 1997.

еще рефераты
Еще работы по истории