Реферат: Канфесійная лексіка ў беларускай мове

Змест

Уводзіны

Глава 1. Паняцце канфесійнай лексікі беларускай мовы

1.1 Тэматычны разрад рэлігійнай лексікі беларускай мовы

1.2 Разрад абстрактнай лексікі ў складзе рэлігійнай

1.3 Семантычная класіфікацыя канфесійнай лексікі

Глава 2. Рэлігійная лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы

2.1 Класіфікацыя рэлігійнай лексікі сучаснай беларускай мовы паводле тэматыкі

2.2 Размежаванне канфесійнай лексікі ў залежнасці ад семантыкі

2.3 Канфесійная лексіка сучаснай беларускай мовы паводле паходжання

Заключэнне

Спіс літаратуры

Уводзіны

Актуальнасць даследавання: апісанне слоўнікавага складу канкрэтнай мовы з пункту гледжання яго паняційна-канкрэтнай аднесенасці і гістарычнага развіцця з’яўляецца адной з актуальных праблем айчыннага мовазнаўства. Перавагай даследавання лексікі па тэматычных групах трэба лічыць магчымасць больш поўна і глыбока раскрыць семантычную структуру слоў на аснове аналізу іх паняційна-прадметнай аднесенасці. Менавіта тэматычная інтэрпрэтацыя лексічных адзінак паказвае, што семантычныя заканамернасці, як і многія іншыя моўныя працэсы, працякаюць у дынамічнай сінхраніі, што ўзнікненне і замацаванне намінатыўных значэнняў у словах адбываецца на аснове актыўна дзеючай у мове матэрыяльнай аналогіі.

Структурна-семантычны падыход і дыяхранічны аспект дазваляюць з максімальнай паўнатой і дакладнасцю прааналізаваць сувязі і адносіны паміж намінацыяй і рэаліяй (або паняццем), вызначыць семантычны аб’ём лексемы і лексіка-граматычныя сувязі слоў, адносіны паміж лексічнымі адзінкамі на макра — і мікраўзроўнях. Усебаковае тэматычнае апісанне лексікі ў дыяхранічным аспекце падрыхтуе базу для абагульняючых даследаванняў па гістарычнай лексікалогіі мовы.

Асобныя кампаненты тэматычнага разраду рэлігійнай лексікі ўжо былі даследаваны ў айчынным мовазнаўстве. Варта спыніцца на некаторых працах і праблемах, якія закранаюць у іх аўтары.

Праца І.У. Будзько “Семнтыка-граматычная характарыстыка рэлігійных абстрэм у мове помнікоў беларускай пісьменнасці XV-XVIII стст." Прысвечана аналізу абстрактнай лексікі старабеларускай мовы.

Выдзяленне ў складзе рэлігійнай лексікі разраду канфесійных абстрэм сведчыць аб надзвычайнай мнагапланавасці і шматаспектнасці гэтай тэматычнай групы. Вылучэнне абстрактных лексем звычайна праводзіцца зыходзячы з двух крытэрыяў: семантычнага і граматычнага.

Разрад рэлігійных абстрэм у якасці састаўной часткі ўваходзіць у больш агульнае поле абстрактных назоўнікаў.

Аўтар аналізуе семантычны аб’ём назоўнікаў ВЕРА, а таксама прадуктыўнасць дадзенага назоўніка з пункту гледжання дэрывацыйных адносін.

Таксама спыняецца аўтар і на семантыка-граматычнай характарыстыцы дзеяслова ВЕРИТСЯ.

Субстантыў ГРЕХЪ выдзяляецца шырокім семантычным і дэрывацыйным спектрам у старабеларускай літаратурнай пісьмовай мове. Дэрывацыйная актыўнасць данага субстантыва сведчыць аб яго актыўным ужыванні ў помніках пісьменнасці старабеларускай мовы разнастайнага характару.

Шырокім семантычным спектрам карысталася ў старабеларускай мове лексема ЗАКОНЪ — асноўныя значэнні гэтых лексем непасрэдным чынам суадносяцца з рэлігійным бокам грамадства.

Аўтар прыходзіць да высновы: група рэлігійных абстрэм, што адлюстроўвае паняційную сферу канфесійнага светаадчування, увабрала ў сябе спецыфіку такой тэматычнай макрагрупы, як рэлігійная лексіка старабеларускай мовы. Сярод рэлігійных абстрэм не так многа лексем агульнаславянскага паходжання (вера, закон), аднак іх дэрывацыі, семантычныя і жанравыя паказчыкі значна вышэй, чым у адпаведных запазычанняў.

Запазычаныя рэлігійныя абстрэмы ўзыходзяць ў асноўным да лацінскай мовы, аднак сустракаюцца і грэцызмы (анафема, тэалогія).

Праца Яна Станкевіча “Беларуская вымова царкоўнаславянскага пісьма” прысвечана разгляду фанетычных асаблівасцяў царкоўнаславянскай мовы.

У ІХ стагоддзі старабеларуская мова ўжывалася ў царкве, таму дастала нізоў царкоўнаславянскай мовы. Каб наблізіць царкоўнаславянскую мову да іншых славянскіх моў народы з самага пачатку гаварылі, пісалі, чыталі, спявалі на ёй. Урэшце, царкоўнаславянская мова пачала вымаўляцца па-беларуску.

У дадзенай працы падаюцца прыклады правапісу царкоўнаславянскіх слоў, а ў дужках тыя ж прыклады, паводле іх вымаўлення па-беларуску.

Аўтар засяроджвае ўвагу на тым, што ў гутарковай мове юс вялікі вымаўляецца як — у (ю), а малы — як а.; націскное ь — вымаўляецца як е, а ненаціскное ъ — як о.

Таксама звяртаецца ўвага на канчаткі 3-яй асобы дзеяслова адз. і множн. ліку, якія вымаўляюцца мякка (відзіць, носіць).

У канцы работы праведзены фактычна трансрыбіраваны тэкст “Верую” у беларускай вымове.

Аб’ектам даследавання ў працы А.С. Дзядовай “Рэлігійная лексіка ў старабеларускім перакладзе “Александрыі” пачатку XVIII ст. ” з’яўляецца рэлігійная лексіка ў найбольш цікавых і самабытных помніках. Выкарыстаныя ў творы (“Александрыя" пач. XVIII ст) “канфесіянальня назвы" служылі ў старажытнасці для абазначэння розных паняццяў і рэалій са сферы рэлігійнага жыцця.

Лексема БОГ з’яўляецца, на думку аўтара, паняційным, арганізуючым цэнтрам. У кантэксце перакладу гэтая назва даволі часта набывае канкрэтнае ўвасабленне. Таксама звяртае аўтар увагу на лексіка-семантычную групу назваў прадстаўнікоў царкоўнага кіраўніцтва і царкоўных пасад (архірэй, дыякан).

Разнастайнымі ў семантычных адносінах з’яўляюцца ў “Александрыі” назвы рэлігійных паняццяў, культавых абрадаў і атрыбутаў царкоўнай службы (анёл, ерась, малітва, удзячнасць).

Аўтар разглядае канфесійную лексіку, размяжоўвае яе на групы ў залежнасці ад паходжання: праславянская (ігумен, жрэц), запазычаная праз польскую мову грэцызмы — ангел, дякъ. А таксама выдзяляе групу ўласнапольскіх лексем: балвохвальство.

У працы В. У Басько “Уласнабеларускія фанетычныя асаблівасці ў мове помнікаў рэлігійнага пісьменства 16-18 стст. ” Даследуюцца шляхі развіцця мовы старабеларускай рэлігійнай пісьменнасці XVI — XVII стст. Разглядаюцца выпадкі перадачы на пісьме найбольш яскравых рысаў беларускай фанетычнай сістэмы, прасочваюцца агульныя тэндэнцыі і дынаміка развіцця мовы царкоўных кніг.

Працэс дэмакратызацыі мовы старабеларускага рэлігійнага пісьменства, які ажыццяўляецца шляхам выцяснення архаічных кніжнаславянскіх рыс распаўсюдзіўся і на мову царкоўных кніг. Адразу парушыць традыцыю ў гэтым кансерватыўным па форме жанры было немагчыма.

Аўтар звяртае ўвагу на перадачу на пісьме такіх фанетыных рыс, якімі беларуская мова найбольш выразна адрозніваецца ад іншых славянскіх моў (“аканне", “дзеканне", “цеканне”, падаўжэнне зычных, пераход в — ў, л — ў, у — ў, зацвярдзенне губных, шыпячых).

Аўтар прыводзіць табліцу, у якой прадстаўлены рысы, якія найбольш яскрава дэманструюць дынаміку мовы. Прааналізаваны матэрыял ілюструе агульную тэндэнцыю да фанетызацыі правапісу і дэмакратызацыі мовы старабеларускага рэлігійнага пісьменства. Можна ўбачыць яскрава акрэсленую тэндэнцыю да “дэцаркоўнаславянізацыі" мовы рэлігійнага пісьменства і пашырэння адлюстравання ў тэкстах уласнабеларускіх фанетычных асаблівасцей.

Акрамя разгледжаных вышэй, варта звярнуць увагу на працу А. Грыцкевіча “Беларуская мова і царква (да пачатку ХХ стагоддзя) ”. У дадзенай працы сцвярджаецца думка пра тое, што нацыянальная мова застаецца адной з фундаментальных каштоўнасцей, якія складаюць неабходныя ўмовы для існавання і развіцця нацыі.

Надзённай, на думку аўтара, з’яўляецца праблема суадносінаў беларускай мовы і царкоўнага жыцця. Беларусы тут маюць багаты досвед. Гэтае пытанне разглядалася нашымі грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі, якія прыйшлі да высновы аб неабходнасці беларусізацыі царквы і не толькі з пункту гледжання нацыянальных і грамадскіх адносін, але і з тэалагічна-царкоўнага пункту гледжання.

Аўтара закранае пытанне раўнапраўнасці беларускай мовы ў рэлігійным жыцці з царкоўнаславянска ў часы існавання Уніяцкай царквы (1596 — 1839). Пра гэты факт сведчыць выданне на беларускай мове “Катэхізіса".

У XVI ст. Езуіты карысталіся беларускай мовай у навучанні. Рэфармацыя XVI ст. Ахапіла толькі верхавіну грамадства, уплывовую частку магнацтва. Але асобныя яго дзеячы ўжывалі і беларускую мову.

У ХХ стагоддзі вызначаліся сваёй самасвядомасцю каталіцкія святары. Такім чынам, вяртанне святароў да роднай мовы праяўлялася разам з развіццём адраджэнскага руху. Усё гэта спрыяла збліжэнню царквы і народа.

Рэлігійную лексіку мовы можна падзяліць на тры вялікія групы. Першую варта назваць агульнарэлігійнай. Яна ўключае словы, што называюць паняцці, якія належаць усім монатэістычным рэлігіям (Бог, душа, малітва). Другую групу складаюць словы, што называюць паняцці, якія датычуцца ўсіх хрысціянскіх канфесій. Для прыкладу тут варта прывесці наступныя словы Святая Троіца, Святы Дух. Трэцюю групу прадстаўляюць словы, што называюць паняцці з асобных рэлігійных плыняў — так, па-рознаму называюцца часткі храма, служыцелі культу.

Дзеля ўсебаковага разгляду канфесійнай лексікі варта ўсталяваць і вызначыць наступны накірунак гэтага працэсу:

1. этымалогія слова і далейшае развіццё яго значэння;

2. кампанентны склад яго семантыкі;

3. месца паняцця, што абазначаецца гэтым словам у сістэме рэлігійнага светаадчування.

Мэтай работы з’яўляецца характарыстыка рэлгійнай лексікі, аналіз яе спецыфікі і асаблівасцей.

У суадносінах з мэтамі работы можна вызначыць і яе асноўныя задачы:

1. Даць азначэнне паняццю “канфесійная лексіка" і ў суадносінах з гэтым адабраць фактычны матэрыял, неабходны для аналізу;

2. Вызначыць асноўныя функцыі азначанага пласта лексікі;

3. Класіфікаваць моўны матэрыял і ахарактарызаваць яго з пункту гледжання паходжання.

Для класіфікацыі рэлігійнай лексікі намі быў сабраны моўны матэрыял (102 адзінкі) на базе “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. У 5 т., — Мн., Савецкая энцыклапедыя, — 1979".

Глава 1. Паняцце канфесійнай лексікі беларускай мовы

1.1 Тэматычны разрад рэлігійнай лексікі беларускай мовы

Па колькасці складаючых кампанентаў тэматычны разрад рэлігійнай лексікі — адзін з самых буйнейшых у старабеларускім слоўніку. Мова з’яўляецца люстэркам жыцця народа, а беларуская літаратурна-пісьмовая мова XIV — XVIII стст. была літаральна прасякнута рэлігійнай тэматыкай. Канфесіянальная лексіка ўключае кампаненты рознага этымалагічнага і храналагічнага размеркавання. Аб’яднаны яны наяўнасцю агульнага элемента ў семантычным аб’ёме — элемента сакральнасці. Такі элемент, адметную рысу могуць мець у сваёй семантыцы лексемы, якія абазначаюць асобу (бог, епіскап), прадмет, аб’ект культу (апокрыф, кадзіла, стула), дзейнасць, функцыю (крэсціць, пасвячаць), уласцівасць, прыкмету (святы).

Сакральны элемент можа запаўняць сем антычны аб’ём пэўнай лексемы калі дэсігнат цалкам і поўнасцю належыць канфесіянальнай сферы (апостал, літанія), і, наадварот, прыкмета сакральнасці можа складаць толькі частку семантыкі слова, часта зусім нязначную (неба, чаша). Поліканфесіянальны характар літоўска-беларускага грамадства абумовіў стракаты склад рэлігійнай лексісі старабеларускай мовы.

У межах тэматычнага разраду рэлігійнай лексікі старабеларускай мовы вылучаны лексемы, якія належаць да розных плыней веравызнання, што тлумачыцца поліканфесіянальным характарам тагачаснага грамадства. Тэрміны праваслаўя старабеларуская мова атрымала ў спадчыну ад старажытнарускай і царкоўнаславянскай моў, тэрміны каталіцтва і пратэстантызму прыйшлі з латыні праз польскае пасрэдніцтва, адпаведна мусульманства характарызуюць цюркізмы [7; 338].

Царкоўнаславянізмы і словы са старажытнарускага лексічнага фонду, а таксама лексемы грэчаскага і яўрэйскага паходжання складаюць больш старажытны пласт рэлігійнай лексікі старабеларускай мовы, а лацінізмы, германізмы, паланізмы фіксуюцца помнікамі беларускафй пісьменнасці ў канцы XV і на працягу XVI стагоддзя — з часоў пранікнення і распаўсюджвання каталіцызму на Беларусі.

Большая частка рэлігійных лексем монасемантычная, пазбаўлена дэрывацыйнай актыўнасці, ужыта ў помніках канфесіянальнага характару, што набліжае іх да разраду тэрмінаў.

Адсутнасць у сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль паловы старабеларускіх рэлігійных лексем тлумачыцца хутчэй экстралінгвістычнымі фактарамі. І наадварот, актыўнае існаванне іх у вуснай народнай мове сведчыць аб надзвычайным уплыве рэлігіі розных канфесій на свядомасць носьбітаў мовы.

З пункту гледжання жанрава-тэматычнай класіфікацыі, пласт рэлігійнай лексікі магчыма размежаваць на некаторыя групы:

назвы чыноў нябеснай іерархіі (Бог, апостал, д’ябал);

назвы прадстаўнікоў царкоўнага (касцёльнага) кіраўніцтва, рознага роду святароў, прыслужнікаў (біскуп, епіскап);

назвы манахаў, членаў манаскіх ордэнаў (бенедыктын, інак);

назвы прарокаў, прапаведнікаў, шматпакутнікаў, знаўцаў Свяшчэннага пісання (праведнік, прапаведнік, мучанік);

назвы асоб у залежнасці ад прыналежнасці да розных плыней веравызнання (захаднік, праваслаўнік, уніят);

назвы ерэтыкоў, грэшнікаў, богаадступнікаў, сектантаў, варажбітаў, чарадзеяў (апостат, волхв, бязбожнік).

З усіх тыпаў лексічных класаў тэматычныя групы маюць найбольш цесную сувязь з адпаведнымі фрагментамі пазамоўнай рэчаіснасці. Словы, адлюстроўваючы пэўным чынам тыя або іншыя “адрэзкі рэчаіснасці", звязаны паміж сабой, як узаемазвязаны і з’явы самой рэчаіснасці. Дзякуючы гэтым “пазамоўным" сувязям, словы аб’ядноўваюцца ў групы, якія можна назваць “тэматычнымі".

Шэраг даследчыкаў у якасці крытэрыяў вылучэння тэматычных груп называюць наяўнасць у слоў дэнататыўнага тыпу значэння, прычым паводле свайго граматычнага статусу гэтыя словы належаць звычайна да лексіка-граматычнага разраду назоўнікаў.

Апошнім часам мовазнаўчая літаратура звяртае ўвагу яшчэ на некалькі асаблівасцей тэматычных лексічных груп: відавочная лёгкасць з якой яны вылучаюцца даследчыкамі лексічнай семантыкі і пэўны суб’ектывізм і нават апрыёрнасць у іх вылучэнні, што звязана з адсутнасцю апоры на сінтагматычныя структуры самой моўнай рэчаіснасці.

Некаторыя тэматычныя групы ўласцівыя толькі рэлігійнай лексіцы (напрыклад, назвы малітваў, назвы перыядаў посту), некаторыя з’яўляюцца часткай адпаведных тэматычных груп агульнаўжывальнай лексікі (напрыклад, тэматычная група “Назвы царкоўнага адзення і галаўных убораў” з’яўляецца састаўной часткай больш вялікай па аб’ёму тэматычнай групы “Назвы адзення і галаўных убораў”) [7; 339].

Усе элементы тэматычных груп з’яўляюцца гіпонімамі ў адносінах да загалоўка групы. Гэта слова, якое выражае агульнае для ўсіх членаў тэматычнай групы значэнне, звычайна знаходзіцца не ў плоскасці тэматычнай групы, а як бы над ёй.

Гіпера-гіпанімічныя адносіны назіраюцца паміж элементамі і на больш нізкіх ярусах тэматычных груп.

1.2 Разрад абстрактнай лексікі ў складзе рэлігійнай

Калі гаварыць пра разрад абстрактнай рэлігійнай лексікі, то трэба адзначыць, што выдзяленне ў складзе рэлігійнай лексікі разраду канфесіянальных абстрэм сведчыць аб надзвычайнай мнагапланавасці шматаспектнасці апошняй. Сфера рэлігі, сапраўды, ахапіла многія галіны чалавечай культуры і матэрыяльнай дзейнасці: ад назваў грэшнікаў, ерэтыкоў да ўсепаглынаючага паняцця вера; ад назваў прадметаў культу да рознага роду найменняў з вобласці варажбы і чараўніцтва.

Вылучэнне абстрактных лексем праводзіцца зыходзячы з двух крытэрыяў: семантычнага і граматычнага. Граматычны крытэрый прадвызначае адсутнасць у рэлігійных абстрэмформ Pluralia, а таксама немагчымасць спалучэння іх з займеннікамі кожны, усякі .

Семантычны крытэрый вельмі важны пры даследаванні нематываваных абстрэм: абстрактныя назоўнікі — словы, якія называюць адцягненыя паняцці, уласцівасці, якасці, дзеянні, стан [4; 7].

Большую чстку абстрактных назоўнікаў складаюць словы, матываваныя прыметнікамі і дзеясловамі. Сярод марфалагічных сродкаў, утвараючых рэлігійныя абстрэмы, адзначаны суфіксы — ние/нье; — енье/ение; — ость; — ство. Аднак абапірацца ў вылучэнні абстрактнай лексікі толькі на марфалагічны крытэрый не варта, паколькі трэба ўлічваць полісемію і сіметрыя марфемнага знака.

Спрэчным з’яўляецца пытанне аб уключэнні ў разрад рэлігійнай абстрактнай лексікі слоў, што абазначаюць назвы прасторавых паняццяў у сувязі з рэлігійнымі ўяўленнямі. З пункту гледжання чалавека веруючага, гэта значыць, абапіраючыся на семантычны крытэрый, такога роду лексемы можна аднесці да канкрэтных назоўнікаў: яны называюць пэўныя тэрыторыі і месцы навакольнага асяроддзя. Аднак граматычны крытэрый, наадварот, сведчыць аб адцягненым характары гэтых слоў: яны не маюць форму Pluralia.

Разрад рэлігійных абстрэм у якасці састаўной часткі ўваходзіць у больш агульнае поле абстрактных назоўнікаў. Такое падпарадкаванне можна лічыць ступенню моўнай іерархіі на лексічным узроўні. Па сваіх семантычных уласцівасцях рэлігійныя абстрэмы не звязаны з пазамоўнай прадметносцю, яны адлюстроўавюць пэўны бок чалавечага светапогляду і светаадчування.

1.3 Семантычная класіфікацыя канфесійнай лексікі

Разгледжаныя намі лексічныя кампаненты на беларускай глебе працягвалі сваё семантычнае развіццё: спрашчэнне або ўскладненне семантычнай структуры.

Асноўная кольксць рэлігійных лексем (75%) характарызуецца монасемантычнасцю, што набліжае іх да разраду тэрмінаў, калі прыняць погляд на тэрмін не на як асобую лексему, а як на від функцыянавання лексічнай адзінкі. З адназначнасці лексічнай адзінкі вынікае наяўнасць “сіметрыі" моўнага знака: поўная адпаведнасць знака і азначаемага (сігніфіката і дэнатата), што надае адназначным найменням прыкмету тэрміналагічнасці.

Словы са складанай семантычнай структурай можна падзяліць на тры катэгорыі. Да першай адносяцца мнагазначныя лексемы, усе структурныя семантычныя элементы якіх належаць да канфесіянальнай сферы (апостал, бог, царква). Полісемантычныя лексемы другой катэгорыі ўключаюць структурныя элементы, якія належаць да няроднасных тэматычных груп (агульнаўжывальнай лексікі, канцылярскай, юрыдычнай, музычнай і інш).

У сістэме значэнняў полісемантычных лексем назіраюцца наступныя пераўтварэнні:

А) пераход ад абстрактнага да канкрэтнага:

Устав — “правіла, нормы паводзін” — “царкоўная кніга”;

Святость — “уласцівасць святога" — “прадмет набажэнства”;

Собор — “собранне люд зей" — " будынак, у які м прахлдзіць гэтае сабранне”.

Б) Пераход ад канкрэтнага да абстрактнага:

Костел — “храм" — “хрысціянства"

Крест — “прадмет, сімвал хрысціянскага культу” — “хрысціянства".

Не толькі вялікі аб’ём канфесійнай лексікі, але і шырыня самой канфесіянальнай сферы, якая закранае духоўны і матэрыяльныя бакі чалавечай дзейнасці абумовілі спецыфічныя, складаныя адносіны ўнутры разглядаемага тэматычнага разраду. Тут назіраюцца адносіны падпарадкавання (цэлае-частка), апазіцыі (аушаўлёны — неадушаўлёны, канкрэтнае — абстрактнае), антаніміі, рода-відавая дыферэнцыяцыя.

Істотную частку найменняў складаюць устойлівыя спалучэнні слоў і апісальныя звароты, што тлумачыцца імкненнем мовы да найбольшай дакладнасці ў адлюстраванні лексічнымі сродкамі аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Помнікам старабеларускай пісьменнасці шырока вядомы ўстойлівыя спалучэнні іменнага тыпу, галоўны кампанент якіх выражаецца субстантывам (евангелле непрестольное) [4; 18].

З’яўляючыся семантычным ядром устойлівых спалучэнняў слоў з рэлігійнай семантыкай, неакаторыя агульнаўжывальныя лексемы пераходзяць у разрад канфесіянальнай тэрміналогіі (слово судное, сосуд церковный).

Глава 2. Рэлігійная лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы

2.1 Класіфікацыя рэлігійнай лексікі сучаснай беларускай мовы паводле тэматыкі

З пункту гледжання жанрава-тэматычнай класіфікацыі, пласт рэлігійнай лексікі магчыма размежаваць на некаторыя групы. Так, сабраны намі матэрыял уключае наступныя падзелы паводле тэматыкі:

1. Назвы чыноў нябеснай іерархіі (Алах, апостал, архангел, Багародзіца, багіня, Бог, дэман, д’ябал, месія). Варта таксама зазначыць, што акрамя агульнапрынятых літаратурных назваў да гэтай тэматычнай групы можна аднесці словы з народнай гаворкі (Божухна — ужываецца як форма звароту да Бога).

2. Назвы прадстаўнікоў царкоўнага (касцёльнага) кіраўніцтва, рознага роду святароў, прыслужнікаў. Дзеля размежавання адценняў лексічных значэнняў наступных лексем варта падаваць іх адразу са значэннямі, указанымі ў слоўніку:

Айцец — служыцель культу (святы айцец) — пачцівы зварот да служыцеля культ;

Бацюшка — поп, святар;

Дзяк — у праваслаўнай царкве: ніжэйшы служыцель, які не мае ступені свяшчэнства; псаломшчык.

Духоўнік — свяшчэннік, які прымае споведзь ад каго-небудзь;

Дыякан — у праваслаўнай царкве: ніжэйшае духоўнае званне, памочнік свяшчэнніка ў часы царкоўнай службы;

Епіскап — свяшчэнны сан у хрысціянскай царкве, таксама асоба, якая мае гэты сан;

Жрэц — 1. У старажытных рэлігіях: свяшчэннік, які вёў богаслужэнне і выконваў абрад ахвярапрынашэння;

2. — Той, хто прысвяціў сябе служэнню чаму-небудзь;

Ігумен — настаяцель праваслаўнага манастыра;

Іерэй — тое, што і свяшчэннік;

Абат — 1. Настаяцель мужчынскага каталіцкага манастыра,

2. У Францыі: каталіцкі свяшчэннік.

Акрамя названай вышэй групы слоў, лічым мэтазгодным уключыць у зазначаную групу яшчэ і наступныя лексемы:

Матушка — жонка свяшчэнніка (пападдзя);

Багаслоў — 1. Спецыяліст у галіне багаслоўя;

2. Навучэнец старэйшых класаў духоўнай семінарыі.

Таксама зафіксавана лексема, якая называе сукупнасць прадстаўнікоў царкоўнага кіраўніцтва: духавенства — служыцелі рэлігійнага культу.

У дадзенай групе звяртае на сябе ўвагу наўнасць сінанімічных лексем: матушка — пападдзя; бацюшка — поп, святар; іерэй — свяшчэннік; дзяк — псаломшчык. Важным з’яўляецца такі факт, што адно са слоў у сінанімічным радзе — запазычанае, а другое — уласнамоўнае. Паходжанне слова напрамую звязана з частотнасцю яго ўжывання ў жывой мове: відавочна, што лексема ўласнамоўнага паходжання ўжываецца часцей.

3. На базе сабранага лексічнага матэрыялу вылучаюцца таксама назвы манахаў, членаў манаскіх ордэнаў:

Манах — член царкоўнай абшчыны, які жыве ў манастыры, даўшы абяцанне весці аскетычны вобраз жыця;

Іераманах — манах у сане свяшчэнніка;

Езуіт — 1. Манах — член каталіцкага ордэна,

2. Хітры, крывадушны, каварны чалавек.

Як і ў папярэдняй групе, зафіксавана слова, якое абазначае зборнае паняцце, называе групу цалкам: манаства — 1. Манаскае жыццё,

2. Манахі.

4. Адносна невялікай колькасцю лексем прадстаўлена група, што ўключае назвы асоб у залежнасці ад прыналежнасці да розных плыней веравызнання, сект:

Евангеліст — 1. Укладальнік евангелля;

2. Член секты евангельскіх хрысціян;

Духабор — член адной з рэлігійных сект, якія адмаўляюць абрады праваслаўнай царквы;

Баптыст — паслядоўнік хрысціянскай секты, які прапаведуе хрышчэнне ў сталым узросце і адмаўляе некаторыя абрады і дагматы царквы;

Акрамя тых лексем, што непасрэдна называюць прадстаўнікоў рэлігійных плыняў і сект, у дадзеную групу мэтазгодна ўключыць словы, якія ў цэлым называюць такіх прыхільнікаў:

Артадаксальны — які няўхільна прытрымліваецца асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, паслядоўны;

Адэпт — паслядоўнік, прыхільнік якога-небудзь вучэння.

4. Сярод шэрагу сабранага лексічнага матэрыялу варта вызначыць назвы ерэтыкоў, грэшнікаў, богаадступнікаў, сектантаў, варажбітаў, чарадзеяў:

Бязбожны — 1. Які не прызнае існаванне Бога,

2. Неймаверны, несумленны.

Богаадступнік — той, хто адмовіўся ад рэлігіі, ад веры ў Бога;

Гяур — у мусульман: чалавек іншай веры.

5. Асобна вылучаецца група слоў, якія называюць розныя рэлігійныя збудаванні, тэрытарыяльныя адзінкі:

Абацтва — каталіцкі манастыр са сваімі ўладаннямі;

Епархія — царкоўна-адміністрацыйная тэрытарыяльная адзінка, якой кіруе архірэй;

Мінарэт — вежа мячэці, з якой муэдзіны заклікаюць мусульман на малітву;

Манастыр — 1. Абшчына манахаў, якая маючы свае землі і капітал, утварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю,

2. Царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць гэтай абшчыне;

Малельня — памяшканне або пакой, у якім моляцца;

Лаўра — назва буйных мужчынскіх праваслаўных манастыроў, якія падпарадкоўваюцца найвышэйшай царкоўнай уладзе — Сіноду.

6. Дастаткова шырока прадстаўлена група слоў, што абазначаюць прадметы царкоўнага абіходу:

Ладан — пахучая смала некаторых трапічных дрэў, якая выкарыстоўваецца для абкурвання ў час рэлігійных абрадаў;

Лампада — невялікая пасудзіна з кнотам на паплаўку і алеем, якая запальваецца перад абразамі;

Іканастас — сцяна з абразамі святых, якая аддзяляе алтар у праваслаўнай царкве;

Ідал — статуй, якому пакланяліся язычнікі як бажаству;

7. Вялікай у колькасным значэнні з’яўляецца група лексем, што называюць рознага роду малітвы, абрады, царкоўныя святы:

Літанне — 1. Малітва ў католікаў, у якой звяртаюцца да бога або святых з просьбай аб заступніцтве;

2. Доўгае, манатоннае пералічванне чаго-небудзь.

Літургія — хрысціянсае царкоўнае набажэнства, у час якога робяць прычасце; абедня;

Малебен — кароткае набажэнства за чыё-небудзь здароўе, поспехі, а таксама па нябожчыку;

Маленне — дзеянне паводле дзеяслова маліцца;

Меса — тое што і імша;

Еўхарыстыя — тое, што і прычашчэнне;

Екцення — шэраг малітвенных прашэнняў, якія гаворацца дыяканам ці святаром пры богаслужэнні ад імя веруючых;

Благавешчанне — адно з веснавых хрысціянскіх свят.

Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што найбольшай тэматычнай групай з’яўляецца група, якая называе рознага роду абрады, малітвы, царкоўныя святы. Назвы прадстаўнікоў царкоўнага (касцёльнага) кіраўніцтва, рознага роду святароў, прыслужнікаў таксама складаюць дастаткова шматлікую тэматычную групу.

2.2 Размежаванне канфесійнай лексікі ў залежнасці ад семантыкі

Увесь сабраны лексічны матэрыял у залежнасці ад колькасці значэнняў, пададзеных у слоўніках, можна падзяліць на дзве вялікія групы. Калі лесема мае толькі адно лексічнае значэнне, то яна належыць да групы монасемантычных лексем, калі ж яна мае два і больш значэнняў — да групы полісемантыных.

Для канфесійнай лексікі звычайна належаць словы, якія маюць толькі адно лексічнае значэнне. Так, для ілюстрацыі пададзенага вышэй факта варта прывесці наступныя прыклады лексем:

Месія — у іудзейскай і хрысціянскай рэлігіях — пасланец бога, які павінен прыйсці на зямлю і выратаваць род чалавечы ад зла і пакут;

Архангел — у хрысціянскай міфалогіі: анёл вышэйшага рангу;

Дзяк — у праваслаўнай царкве: ніжэйшы служыцель, які не мае ступені свяшчэнства4

Епіскап — вышэйшы сан ў хрысціянскай царкве, таксама асоба, якая мае гэты сан;

Ігумен — настаяцель праваслаўнага манастыра;

Іерэй — тое, што і свяшчэннік;

Духоўнік — свяшчэннік, які прымае споведзь ад каго-небудзь;

Духавенства — служыцелі рэлігійнага культу;

Іераманах — манах у сане свяшчэнніка;

Адэпт — паслядоўнік, прыхільнік якога-небудзь вучэння;

Артадаксальны — які няўхільна прытрымліваецца асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, паслядоўны;

Евангелле — раннехрысціянскі твор, які расказвае пра жыццё Ісуса Хрыста;

Вянчацца — уступаць у шлюб паводле царкоўнага абраду.

Значна радзей пласт канфесійнай лексікі прадстаўляюць лексемы, якія маюць не адно, а некалькі лексічных значэнняў. Так, сярод мнагазначных слоў часцей за ўсё сустракаюцца лексемы з двума — трыма значэннямі:

Апостал — 1. У хрысціянстве: вучань Хрыста, прапаведнік яго вучэння;

2. Паслядоўнік і прапаведнік якой-небудзь ідэі;

3. Царкоўная кніга, якая змяшчае “Дзеянні” і “Пасланні апосталаў”;

Жрэц — 1. У старажытных рэлігіях: свяшчэннаслужыцель, які вёў богаслужэнне і выконваў абрад ахвярапрынашэння;

2. Той, хто прысвяціў сябе служэнню чаму-небудзь;

Манаства — 1. Манаскае жыццё,

2. Манахі;

Грэх — 1. У веруючых: парушэнне правіл рэлігійнай маралі,

2. Заганны ўчынак,

3. Грэшна, нядобра;

Дэман — 1. У рэлігійнай міфалогіі: злы дух, д’ябал;

2. Увасабленне якой-небудзь страсці, захаплення, хаганы.

Але бываюць выпадкі, калі такіх значэнняў больш. Так, адзначана слова, якое мае 6 лексічных значэнняў:

Душа — 1. Унутраны, псіхічны стан чалавека, яго свядомасць,

2. Тая ці іншая ўласцівасць характару,

3. Натхніцель,

4. Пра чалавека,

5. Сяброўскі фамільярны зварот да каго-небудзь,

6. Самае галоўнае, сутнасць.

Асаблівасцю лексем з некалькімі лексічнымі значэннямі з’яўляецца тое, што іх прыналежнасць да разраду канфесійнай лексікі можа выяўляцца толькі ў адносінах да аднаго значэння. Так, напрыклад, слова духоўны (1. Які адносіцца да разумовай дзейнасці, дагаліны духу,

2. Царкоўны, які адносіцца да духавенства) толькі па другім значэнні можна аднесці да ліку канфесійнай лексікі. Слова езуіт (1. Манах — член каталіцкага ордэна,

2. Хітры, крывадушны, каварны чалавек) належыць да ліку зазначанага пласта лексікі паводле свайго першага значэння. З трох лексічных значэнняў, якімі валодае слова дар (1. Тое, што даецца бесклапотна, падарунак,

2. Талент, здольнасць,

3. Хлеб і віно, над якімі адбываецца хрысціянскае богаслужэнне) толькі трэцяе адносіць гэтае слова да пласта рэлігійнай лексікі.

Аднак, зафіксаваны таксама і словы, якія паводле абодвух (або ўсіх) сваіх значэнняў могуць быць аднесенымі да ліку лексем канфесійнага характару. Так, для прыкладу можна прывесці наступныя словы:

Маленне — 1. Дзеянне паводле значэння дзеялова маліцца, малітва,

2. Дзеянне паводле значэння дзеяслова маліць, просьба, малітва;

Абат — 1. Настаяцель мужчынскага каталіцкага манастыра;

2. У Францыі: каталіцкі свяшчэннік;

Багаслоў — 1. Спецыяліст у галіне багаслоўя,

2. Навучэнец старэйшых класаў духоўнай семінарыі.

Такім чынам, паводле семантычнай адзнакі рэлігійная лексіка падзяляецца на дзве нераўназначныя па колькасці ўваходзячых у іх лексем групы. Большасць лексем канфесійнага плана маюць толькі адно значэнне. У невялікай колькасці зафіксаваны таксама полісемантычныя лексемы канфесійнай групы.

Акрамя катэгорыі адназначнасці — мнагазначнасці слоў да семантычнай іх характарыстыкі належаць адносіны антаніміі і сінаніміі. Прааналізаваць дадзеныя адносіны на базе сабранага лексічнага матэрыялу можна наступным чынам. Як словы-антонімы варта разглядаць такія пары:

Багаслоўе (царкоўнае вучэнне пра бога і дагматы рэлігіі) — атэізм (адмаўленне існавання бога, адказ ад рэлігійных вераванняў);

Бог (паводле рэлігійных уяўленняў — вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварае свет і кіруе ім) — д’ябал (у рэлігійнай міфалогіі: злы дух, чорт, сатана, які пярэчыць богу);

Грэшнік (грэшны чалавек) — Бязгрэшны (які не рабіў грахоў);

Догмат (асноўнае палажэнне ў рэлігійным вучэнні, якое прымаецца на веру і не падвяргаецца крытыцы) — ерась (адступленне ад афіцыйных царкоўных дагматаў).

Сінанімічнымі ў сваю чаргу можна назваць такія пары слоў:

Адзінабожжа — монатэізм;

Літургія — абедня;

Еўхарыстыя — прычашчэнне;

Боаслужэнне — царкоўная служба;

2.3 Канфесійная лексіка сучаснай беларускай мовы паводле паходжання

У аснове класіфікацыі сабранага намі лексічнага матэрыялу ляжыць падзел лексікі на словы ўласнамоўнага паходжання і запазычаныя. Варта зазначыць, што словамі ўласнамоўнага паходжання называем лексемы, якія належаць да індаеўрапейскага або праславянскага лексічнага фонду. Усе астатнія лексемы можна аднесці да ліку запазычанняў.

Так, на базе рэсурсаў агульнаўсходнеславянскай мовы ўзніклі наступныя словы:

Багаслоўе — царкоўнае вучэнне пра Бога і дагматы рэлігіі;

Бажок — статуэтка, якая ўвасабляе бажаство;

Бажыцца — клясціся імем бога, ужываючы слова “далібог”;

Душа — унутраны псіхічны стан чалавека, яго свядомасць;

Багародзіца — у хрысціянскай рэлігіі: матка боская, маці Хрыста;

Асвяціць — зрабіць свяшчэнным, ушанаваць;

Абрад — сукупнасць строга акрэсленых дзеянняў, якімі суправаджаецца выкананне рэлігійных рытуалаў або бытавых традыцый;

Абедня — набажэнства ў хрысціян, якое адбываецца раніцай або ў першай палове дня.

Запазычанымі словамі ў вызначаным намі лексічным матэрыяле можна назваць наступныя:

Атэізм — адмаўленне існавання Бога, адказ ад рэлігійных вераванняў;

Асанна — узнёслае ўслаўленне (першапачаткова: хвалебны выгук у малітве);

Апалагет — старажытны твор з біблейскім сюжэтам, у якім дапушчаны адступленні ад афіцыйнага веравучэння і таму адхілены царквой;

Апакаліпсіс — адна з кніг Новага Запавету, якая змяшчае містычныя прароцтвы пра канец свету;

Абацтва — каталіцкі манастыр са сваімі ўладаннямі;

Анафема — пракляцце, адлучэнне ад царквы;

Аналой — высокі столік з пакатым верхам, на які ў царкве кладуць кнігі, абразы і іншыя прадметы;

Амін — заключнае слова пропаведзі, малітвы;

Алілуя — у царкоўным богаслужэнні: хвалебны малітоўны выгук;

Алах — у магаметан: бог;

Біблія — збор духоўных кніг іудзейскай і хрысціянскай рэлігіі;

Ладан — пахучая смала некаторых трапічных дрэў;

Літанне — малітва ў католікаў, у якой звяртаюцца да бога або святых з просьбай аб застапніцтве;

Літургія — хрысціянскаецаркоўнае набажэнства, у час якога робяць прычасце.

Такім чынам, можна зрабіць вывад пра тое, што ў колькасным плане больш пашыранай групай з’яўляецца група запазычаных лексем у межах раздзелу канфесійнай лексікі. Адрозніваюцца зазначаныя словы і па сваёй семантыцы. Так, сярод лексем лацінскага паходжання адзначаны назвы прадстаўнікоў царкоўнага і касцёльнага кіраўніцтва, назвы ерэтыкоў, грэшнікаў, сектантаў, назвы членаў каталіцкіх ордэнаў, назвы прадметаў набажанства.

Заключэнне

У працэсе гістарычнага развіцця рэлігійная лексіка, зафіксаваная ў вядомых літаратурных помніках, пацярпела істотныя змены. Першапачаткова асновай яе фарміравання паслужылі кампаненты лексічнай сістэмы старажытнарускай (агульнаўсходнеславянскай) і стараславянскай моў.

Да індаеўрапейскага або праславянскага лексічнага фонду належаць лексемы бес, блуд, бог, вежа, вера .

Аднак асноўную частку лексічных адзінак данага тэматычнага аб’яднання скадаюць запазычанні. Даўнейшымі з іх з’яўляюцца словы грэчаскага паходжання. Яны трапілі ў мову беларускай пісьменнасці ў выніку існавання і шырокага распаўсюджання на славянскіх землях агульнаславянскіх моўных традыцыі, пачатак якой паклалі Кірыла і Мефодый. Таму эквіваленты грэчаскіх слоў можна знайсці ў стараславянскай і старажытнарускай мовах. Сярод царкоўнаславянізмаў адзначаны складаныя лексемы, якія калькіруюць ггрэчаскія арыгіналы. Шырока вядомы старабеларускай мове і словы, утвораныя пры дапамозе грэчаскіх прэфіксаў (архі-, анты-, прота-). Да грэцызмаў у пэўнай ступені можна аднесці і скалькаваныя з грэчаскай мовы складаныя лескемы, якія таксама маюць стараславянскія і старажытнарускія адпаведнікі і наяўнасць якіх з’яўляецца адметнай рысай помнікаў рэлігійнага зместу.

Лацінізмы пачалі пранікаць у старабеларускую мову пазней — пачынаючы з канца XV ст. Пераважна праз польскае пасрэдніцтва. Сярод лексем лацінскага паходжання адзначаны назвы прадстаўнікоў царкоўнага і касцёльнага кіраўніцтва, назвы ерэтыкоў, грэшнікаў, сектантаў, назвы членаў каталіцкіх ордэнаў, назвы прадметаў набажанства.

Сярод лексем грэка-лацінскага паходжання вылучаны і фармальныя дублеты, якія ўзніклі ў выніку існавання розных шляхоў для пранікнення слоў з адной мовы-крыніцы. Такім чынам, узніклі розныя варыянты гучання і напісання гукаў, што абазначаліся літарай “бэта-віта".

Сярод запазычанняў старажытнага перыяду адзначаны словы яўрэйскага і цюркскага паходжання. Наяўнасць германізмаў, паланізмаў, чэхізмаў узыходзіць да перыяду фарміравання беларускай народнасці.

Ролю польскай мовы ў працэсе запазычвання лексікі, якая характарызуе асоб у адносінах да рэлігіі, трэба адзначыць асобна. Тут гаворка ідзе не толькі пра лексічныя запазычанні, але і пра граматычныя аспекты лексем.

Для дадзенай тэматычнай групы лексікі ўласціва надзвычай развітая варыянтнасць, у асаблівасці, фанематычная. Яна абумоўлена вялікай колькасцю запазычанай лексікі, бо на ўсіх этапах гісторыі мовы найбольшы працэнт няўстойлівасці знешняга аблічча слоў прыпадае на запазычаную лексіку.

Паводле семантычнай адзнакі рэлігійная лексіка падзяляецца на дзве нераўназначныя па колькасці ўваходзячых у іх лексем групы. Большасць лексем канфесійнага плана маюць толькі адно значэнне. У невялікай колькасці зафіксаваны таксама полісемантычныя лексемы канфесійнай групы.

Калі гаварыць пра семантыку, то можна прыйсці да высновы, што найбольшай тэматычнай групай з’яўляецца група, якая называе рознага роду абрады, малітвы, царкоўныя святы. Назвы прадстаўнікоў царкоўнага (касцёльнага) кіраўніцтва, рознага роду святароў, прыслужнікаў таксама складаюць дастаткова шматлікую тэматычную групу.

Спіс літаратуры

1. Астапенка А. Беларуская мова ў царкве і палітыка // Наша слова, — 1998, — 18 лістапада, — С.3.

2. Басько В.У. Моўны сінкрэтызм старабеларускага рэлігійнага пісьменства (дыяхранічны аспект): аўтарэферат дыс.: 10.02.01. — Белорусский язык/ В.У. Басько, — Мн.: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 2005. — 20 с.

3. Басько В.У. Уласнабеларускія фанетычныя асаблівасці ў мове помнікаў рэлігійнага пісьменства 16-18 стст. // Веснік БДУ. Сер.4. — 2003, — №2, С.34-38.

4. Будзько І.У. Рэлігійная лексіка старабеларускай мовы. Аутарэферат. — Мн.: НАН Беларусі, 1999

5. Будзько І.У. Семантыка-граматычная характарыстыка рэлігійных абстрэм у мове помнікаў беларускай пісьменнасці XV-XVIII стст. — У кн. Беларуская лінгвістыка. — 2003. — Вып.53.

6. Грыцкевіч А. Беларуская мова і царква (да пач.20 стагоддзя) / Анатоль Грыцкевіч // Наша слова. — 2008, — №29 (16 ліпеня), — С.2

7. Дзядова А.С. Рэлігійная лексіка ў старабеларускім перакладзе “Александрыі” пач. XVII ст. // Наука и образование в условиях социально-экономических трансформаций общества: сб. докладов. — Витебск, — 2001, — С.338 — 339.

8. Завальнюк У. Родная мова (Неабходнасць спраўляць набажэнствы на беларускай мове. З гісторыі мовы // Наша слова. — 1999. — 9 чэрвеня. — с.3.

9. Клімаў І.П. Іншаславянскія ўплывы на старабеларускую арфаграфію (на прыкладзе “Евангелля” В. Цяпінскага 1570-я гг.) // Граматычны лад беларускай мовы. Шляхі гістарычнага развіцця і сучасныя тэндэнцыі. Мат-лы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 29-30 кастрычніка 2007 г. — Мн., 2007, С.102 — 107.

10. Лыч Л. Шлях беларускага слова і касцёл. Мова і рэлігія // Роднае слова, 2000, — №11, С.99-102.

11. Лыч Л. Царкоўнаславянская мова ў хрысціянскім богаслужэнні на Беларусі // Роднае слова, — 1996, — №4, С.142 — 151.

12. Лыч Л. Рэлігія і мова // ЛіМ. — 1991. — 19 ліпеня, 30 жніўня, 6 верасня.

13. Станкевіч Ян. Беларуская вымова царкоўнаславянскага пісьма // Спадчына, — 1992, — №2, С.54 — 58.

14. Не чужаніца, не родная — мова царкоўная… // Народная газета. — 1996, — 17-19 жніўня, С.8-9.

15. Цехановіч З. Рассып праменні свае хвалы… (Царкоўнаславянская мова) // ЛіМ, — 1997, — 8 жніўня, — С.5.

16. Чарота І. Беларуская мова і царква. — Мн. // ЛіМ, №11 — 2001. — 7 верасня, — С.7

17. Чарота І. Каб не прапаў скарб: (Беларусы і царкоўнаславянская спадчына). — Царк. слав. Мова // ЛіМ, — 1997. — 6 чэрвеня, — №23, — С.14-15.

еще рефераты
Еще работы по литературе: зарубежной