Реферат: Белорусский фольклор

Беларускi фальклор – скарбнiца этнiчнай культуры беларусаў

Уступ

Казка

На календары вечнасці — канец XX стагоддзя, эпоха навукова — тэхнічнай рэвалюцыі, эпоха біёнікі і электронікі… Узброены ведамі чалавек ужо абганяе сёння самую смелую казачную фантазію, самыя няўрымслівыя мары. Фантазію казак абганяе, а сама казка, як ні дзіўна, не старэе, у нябыт не адыходзіць. Можна нават сказаць — наадварот, у апошні час попыт на гэты від вуснапаэтычнай народнай творчасці прыкметна ўзрос і працягвае павышыцца. Гэта датычыць, зразумела, і беларускага казачнага эпасу, беларускай казкі.

Жывая цікавасць, якую выклікае беларуская народная казка ў сучаснага чытача, не выпадковая: яна абумоўлена, несумненна, яе высокімі ідэйна — мастацкімі якасцямі і непаўторнай нацыянальнай своеасоблівасцю. Глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральная цнатлівасць і чысціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання і, нарэшце, сапраўднае моўнае чарадзейства, — вось некаторыя з гэтых вартасцей, якія заўсёды прываблівалі і прывабліваюць да беларускай казкі ўдзячных чытачоў і слухачоў.

Усе беларускія казкі класіфікуюцца звычайна па трох асноўных раздзелах: казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі і сацыяльна — бытавыя. Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму — адной з самых старажытных рэлігій чалавецтва, сутнасць якой складала вера ў татэма — агульнага для данага роду і якой-небудзь жывёлы ці расліны продка.

Чарадзейныя казкі па сваім паходжанні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зместе — гэта мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё ў будучым, іх імкненні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі — заваёўнікамі. Гэты змест раскрываецца своеасабліва — у вобразах і карцінах фантастычных, звышнатуральных, цудадзейных.

Сярод навелістычных сацыяльна — бытавых казак найбольш каштоўнасць у беларускім фальклоры маюць, несумненна, казкі антыпанскія і антыцаркоўныя, пазначаныя вострай сацыяльнай накіраванасцю. Колькасць і тых і другіх вельмі значная. Прычыну гэтага трэба бачыць у тым, што беларускі селянін цярпеў не толькі жорсткі сацыяльны прыгнёт, увасоблены ў вобразе пана — прыгонніка, але таксама цярпеў і жахлівы ўціск нацыянальны і рэлігійны. Адмоўны персанаж баларускіх антыпрыгонніцкіх казак — амаль заўсёды — пан-чужаземец, які не толькі лупіў тры скруры з мужыка, але яшчэ і таптаўся па ягонай душы, насміхаўся з яго мовы і звычаяў, бесперапынна абражаў яго нацыянальную годнасць.

Гэтак жа бязлітасна, як з панамі, абыходзіцца герой беларускіх казак і са “святымі айцамі” ўсіх масцей: папамі, ксяндзамі, дзякамі. Прадметам сатырычнага адлюстравання ў антыклерыкальных казках часцей за ўсё з’яўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасць, прагавітасць і нахабства, паразітызм і амаральнасць.

Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары — такія, скажам, як непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Гэтыя творы, адлюстроўваючы этычныя погляды народа, яго маральныя прынцыпы, яго разуменне дабра і зла, называюць усе рэчы сваімі імёнамі, недвухсэнсоўна і ясна, не прыбегаючы да алегорый, не карыстаючыся намёкамі. Многія з іх з’яўляюцца ўзорамі сатырычнай і гумарыстычнай творчасці народа.

Лёс розных жанраў беларускага казачнага эпасу склаўся неаднолькава. Сярод сучасных запісаў казак пра жывёл і чарадзейных новых, не вядомых раней сюжетаў, амаль не сустракаюцца. У параўнанні з гэтымі казкамі, жывыя традыцыі якіх відавочна затухаюць, пэўнай жыццястойкасцю і жыццяздольнасцю вылучаюцца казкі сацыяльна — бытавога зместу і рэалістычнага характару. Характэрныя змены назіраюцца ў змесце і паэтыцы тэкстаў, якія бытуюць: прыкметнае парушенне і разбурэнне кананічнай формы, адаптацыя фабулы ў адпаведнасці з сучаснымі ідэйна — эстэтычнымі патрабаваннямі, адчувальныя, з аднаго боку, страты ў апісальнасці, у малыўнічасці, у казачнай абраднасці і, з другога боку, узмацненне прытчавасці, прыспешванне цікавасці і скарачэнне шляху да закладзенага ў творы маральна — філасофскага сэнсу, жыццёвага ўрока, павучання. Тлумачыцца гэта не толькі сучаснымі ўмовамі бытавання казак, але і псіхалогіяй сённяшняга спажыўца фальклору.

За доўгія стагоддзі свайго існавання народная казка ўвабрала ў сябе пачуцці і думкі многіх пакаленняў, абагульніла сацыяльны і мастацкі вопыт тысяч і мільёнаў людзей, і таму набыла такія ідэйна — мастацкія вартасці, такую глыбіню зместу і дасканаласць паэтычнай формы, што і сёння можа служыць адным з магутных сродкаў маральнага, сацыяльнага і эстэтычнага выхавання моладзі.

Анекдот

Адносіны да анекдота ў сучаснай айчыннай фалькларыстыцы можна характарызаваць як досыць супярэчлівыя. На думку адных даследчыкаў народнай творчасці, анекдоты — гэта тыя ж самыя сацыяльна — бытавыя казкі, толькі значна меншага, невялікага аб’ёму; прынцыповых адрозненняў ад названага жанру казак у іх няма. Ёсць, аднак, і іншы пункт гледжання, паводле якога анекдот, пры ўсёй яго несумненнай блізкасці да сацыяльна — бытавой казкі, з’яўляецца асобным жанрам народнай вусна — апавядальнай творчасці. Больш таго — жанрам незвычайна актыўным і жыццяздольным у нашы дні, чаго нельга сказаць ні пра казкі, ні пра легенды і прымхліцы, ні пра паданні і бываліцы.

У чым жа трэба бачыць жанравую адметнасць анекдота ў параўнанні з казкамі? Па-першае, анекдот — твор цалкам сатырычнай або гумарыстычнай прыроды, твор абавязкова, папросту кажучы, смешны. Па-другое, анекдот вызначаецца гранічнай сцісласцю мастацкай формы; у адрозненне ад казкі, ён абавязкова аднаэпізодны, не ведае разгорнутай экспазіцыі, дыялог яго вельмі не многаслоўны, дзеянне завязваецца, развіваецца і даходзіць да кульмінацыі імгненна. Па-трэцяе, гэта — эстэтычны “эфект нечаканасці” ў канцоўцы твора: анекдот абавязкова заканчваецца неспадзяванай сатырычнай або гумарыстычнай развязкай, у якой скандэнсавана ўся ударная сіла камічнага, увесь смех.

У аснову многіх анекдотаў пакладзены, трэба думаць, сапраўдныя недарэчныя, смешныя выпадкі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці. Але ў большасці сваёй яны, несумненна,- плод фантазіі народа, яго жывога, дасціпнага розуму.

Легенды

З усіх жанраў гэтак званай неказачнай фальклорнай прозы найбліжэй да казак, дакладней — да чарадзейных казак, стаяць легенды. Легенда, як народнае мастацкае апавяданне вызначаецца, па-першае, своеасоблівым спалучэннем рэальнага і фантастычнага, звычайнага і дзівоснага, па-другое, пачаткова-зыходнай устаноўкай на вытлумачэнне і, па-трэцяе, выразна павучальным характарам. У легендах шмат фантастычнага — непараўна больш, чым у блізкіх да іх духам даўніны гістарычных паданнях аб далёкім мінулым. Прынцыповая розніца між імі ў тым, што паданне рэальны жыццёвы факт упрыгожвае, аздабляе выдумкай, у тым ліку — фантастычнай, а легенда імкнецца выдуманае, створанае фантазіяй выдаць за сапраўднае, за рэальнае. Апрача таго, дзівосныя з’явы і падзеі ў легендах вытлумачваюцца — чаго мы ніколі не бачым у казках.

Легенда прыйшла ў наш фальклор і заняла ў ім сваё адметнае месца ў часы ўсталявання на землях усходніх славян хрысціянства. Прыйшла на змену больш старажытнай за яе язычніцкай прымхліцы, якую, аднак, не выцесніла, а пачала жыць і развівацца побач, многае ўзяўшы ад сваёй папярэдніцы і яшчэ больш — ад самой жывой рэчаіснасці новай эпохі.

У аснову легендарнага сюжэта эвычайна кладзецца якісці цуд, неверагоднае здарэнне, з удзелам і людзей і істот звышнатуральных, з умяшаннем сіл цудадзейных.

Пра што складаліся легенды? Пра стварэнне свету, пра паходжанне жывёл, птушак і насякомых, пра святых і Бога, пра пекла і рай, пра віну і пакаранне за яе, пра дабрачыннасць і ўзнагароджанне за яе, пра чалавечую долю і смерць — і пра многае іншае.

Прымхліца

Прымхліца (ад слова — прымха) — гэта невялічкае вуснае апавяданне аб нейкім незвычайным, цудадзейным і, як правіла, “страшным” здарэнні, удзельнікам ці сведкам якога нібыта быў сам апавядальнік або добра знаёмы ці нават блізкі яму чалавек. Якія ж гэта такія страшныя, цудадзейныя здарэнні? Ну, скажам, сустрэча з нячысцікам, з вурдалакам, з дамавіком, са змяіным царом, з русалкаю і з іншымі падобнымі істотамі — прадстаўнікамі гэтак званай ніжэйшай народнай дэманалогіі.

Вытокі гэтага цікавага, самабытнага жанру апавядальнай вуснапаэтычнай творчасці тояцца ў глыбокай даўнасці, у пэўных асаблівасцях старажытнага светапогляду, у дахрысціянскіх язычніцкіх уяўленнях. Асновай для яго ўзнікнення і далейшага развіцця паслужыла вера чалавека ў існаванне надпрыродных сіл, у магчымасць розных чарадзейна-магічных пераўтварэнняў, дзівосных праяў і цудаў.

Галоўная вызначальная рыса прымхліц у тым, што усе яны, без выняткку, звязаны з такою з’явай светапогляднага парадку, як прымхлівасць.

Паданне

Паданне, будучы таксама, як казка ці легенда, вусным мастацкім апавяданнем, ад гэтых папярэдніх істотна адрозніваецца тым, што зместам сваім звязана з якой-небудзь канкрэтнай падзеяй гістарычнага жыцця-быцця народа і прымацавана да пэўнай мясцовасці. Часцей за ўсё яно (паданне) вырастае з нейкай падзеі мясцовай гісторыі. Устаноўка на гістарызм — найбольш характэрная рыса падання. Адсюль і грамадская функцыя паданняў перш за ўсё — пазнавальна-інфармацыйная.

Істотнай прыкметай многіх паданняў з’яляецца іх растлумачальны характар — імкненне даць адказ на пытанні: адкуль што ўзялося, як ўзнікла і гэтак называецца. Вытлумачыць, напрыклад, паходжанне і назвы пэўных населёных пунктаў, рэк і рэчак, азёр і крыніц, курганоў, лесу, паляны, балота і інш. У беларускім фальклоры большасць паданняў менавіта такога зместу. Астатнія — іх меншасць — звязаны з лёсам і жыццём пэўнай асобы, канкрэтнага чалавека, нечым выдатнага і цікавага.

Што да асаблівасцей мастацкай формы падання, то яна не вызначаецца той традыцыйнай кананічнасцю, устойлівасцю кампазіцыйна — структурных элементаў, што ўласціва казкам. Сюжет у ім, як правіла, аднаэпізодны, часам і зусім няма выразна акрэсленага сюжета, няма і такіх характэрных для казачнай прозы кампанентаў, як агульныя месцы, пастаянныя формы, дыялог, зачын, канцоўка.

Бываліца

Бываліца — вуснае мастацкае апавяданне пра жыццё і надзеі не так далёкага мінулага, расказанае адметнай, “складнай”, рытмізаванай і збольшага рыфмаванай мовай.

Тэмай, зместам, характарам адносін да рэчаіснасці бываліцы блізкія да бытавых казак. З казкамі іх збліжае тое, што у іх, таксама, як і у казках, шмат выдумкі. Але выдумка найбольш такая, што не выходзіць за рамкі рэальнага магчымага. У адрозненні ад казак бываліца не карыстаецца традыцыйнымі прыёмамі казачнай паэтыкі.

Галоўнае, што вызначае ўласнае жанравае аблічча бываліцы, што аб’ядноўвае досыць разнародныя і ў тэматычных і ў мастацкіх адносінах творы, — гэта іх складная, блізкая да вершаванай, мова.

У жывой практыцы народа, у яго штодзённай моўнай практыцы сустракаецца безліч вобразных, афарыстычных, крылатых выразаў, якія або выказваюць нейкую закончаную, самастойную і павучальную думку, або трапным параўнаннем ці ўдалым намёкам характарызуюць пэўную з’яву, рысу чалавека, узаемаадносіны паміж людзьмі, або проста ўпрыгожваюць гутарку дасціпным каламбурам, нечаканай ігрой слоў, да месца падкінутай складнай жартаўлівай заўвагай, парадай, пажаданнем. У першым выпадку мы маем справу з прыказкамі, у другім — з прымаўкамі, у трэцім — з прыгаворкамі. Што датычыць прыказак, то можна прывесці такія: “Адна пчала многа мёду не наносіць”, або “Дзе няма работы, там няма ахвоты” і “Ідзеш на чужую старану — пільнуйся, каб не было сараму ”. Вельмі цікавыя ёсць і прымаўкі: “Пражыў век — ні сабака, ні чалавек”, “Што яму законы, калі суддзі знаёмы”, “Чыста ходзіць, дык ні чыста жыве” і г.д.

Усе гэтыя трапныя, крылатыя выразы з даўніх часоў карысталіся і карыстаюцца ў народзе вялікай любоўю.

Не трэба забываць і пра такія рэчы, як народныя прыкметы, і таксама праклёны.

Загадкi

Нельга не сказаць некалькі слоў і аб загадках. Гэта не будзе навінай, калі я скажу, што гэты жанр народна — паэтычнай творчасці зараз зусім загіне. Па-першае, вельмі многія старыя, традыцыйныя загадкі практычна ўжо не могуць існаваць і пашырацца сярод сучаснай дзятвы і моладзі па той прычыне, што з народнага побыту канчаткова зніклі з’явы і прадметы, якія ляглі ў аснову іх метафарычных вобразоў. Ніякай кемлівасці і здольнасці вобразна мысліць не хопіць, каб разгадаць, напрыклад, загадку пра цэп, якім малацілі збожжа, калі ты ніколі гэтага цэпа не бачыў. Па-другое, загадкі ў народзе амаль перасталі складацца.

Казкі, легенды, анекдоты, прымхліцы, паданні, бываліцы, мудраслоўі, народныя прыкметы, загадкі — ўсё гэта і ёсць та фальклорная спадчына, якая з’яўляецца крыніцай беларускай культуры на працягу ўжо многіх стагоддзяў.

еще рефераты
Еще работы по иностранному языку